Гайлевіч Язэп (1893-1971), каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр і педагог.

Нарадзіўся 26.02.1893 у в. Прыдруйск Дзісенскага павета Віленскай губ. У 1913 г. паступіў у Магілеўскую духоўную каталіцкую семінарыю ў Пецярбургу. У сувязі з падзеямі 1917-1918 гг. у Расеі вучобу прыйшлося перапыніць. Заняткі прадоўжыў у Менскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Пасвячоны ў святары 29.02.1920 у мясцовасці Бальбінава. Душпастырскую дзейнасць пачаў як вікарый у мястэчку Друя Браслаўскага павета (1920-1921). У наступныя гады выконваў абавязкі адміністратара ў Бальбінаве (1921-1934), працаваў вікарыем у касцёле Сэрца Ісуса ў г. Рэзекне (Латвія, 1934-1935). Перадваенны час і гады Другой сусветнай вайны правёў у Дзвінску, дзе служыў вікарыем у касцёле Дзевы Марыі і адначасова выкладаў Закон Божы ў беларускіх школах (1935-1943). Прымаў удзел у беларускім культурным і грамадскім жыцці міжваеннага дваццацігоддзя ў Латвіі. Выступаў за ўвядзенне беларускай мовы ў рэлігійнае жыццё беларусаў-католікаў. У 1943-1949 гг. - адміністратар каталіцкага касцёла ў Бальбінаве. Праследаваўся савецкімі ўладамі. Быў арыштаваны органамі бяспекі. За «нацыяналістычную дзейнасць» асуджаны на 10 гадоў лагераў. Да 22.06.1956 знаходзіўся ў савецкім канцэнтрацыйным лагеры ў Мардовіі. Пасля вызвалення працаваў адміністратарам касцёла ў мясцовасці Рундак (Латвія, 1956-1959). Апошнія гады душпастырскай дзейнасці займаў пасаду адміністратара касцёла ў Бальбінаве (1959-1971). Памёр 18.10.1971. Пахаваны ў Бальбінаве.

Літ.: РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 2369/141; ЦНБ, ф. 5, воп. 1; спр. 1; Directorium... Mohiloviensi; Krynica (Вільня). 1925. № 3; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1934. № 5; Божым шляхам (Лондан). 1972. № 1; Źnič (Рым). 1974. № 118; Cakuls J.

Паведаміць пра недакладнасьць