Нарадзіўся ў 1870 г. ў мястэчку Мір Менскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і Янкі Гарасімовіча (паводле іншых крыніц - з мяшчан). У 1889 г. скончыў 6-ю Пецярбургскую гімназію. Вучыўся ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу (1889-1894). Пасвячоны ў святары 17.12.1894. Душпастырскую дзейнасць распачаў на пасадзе вікарыя. З 1895 г. служыў вікарыем пры Менска-Кальварыйскім касцёле. Пасля двух гадоў службы пераведзены на пасаду філіяліста ў Смалянскі касцёл Аршанскага дэканата. З 17.03.1904 выконваў абавязкі пробашча мясцовага касцёла ў Клецку і адначасова выкладаў Закон Божы ў Мядзведзіцкай народнай навучальні (з 1906). Намаганнямі парафіян і В.Гарасімовіча ў кастрычніку 1905 г. ў Мядзведзічах католікам быў вернуты рымска-каталіцкі касцёл, забраны царскімі ўладамі ў 2-й палове 19 ст. 11.03.1911 арыштаваны паліцыяй ў Менску. За «сепаратызм» высланы адміністрацыйна на 3 гады ў Архангельск. З гэтага часу заставаўся без пасады. Рашэннем кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў 28.09.1913 атрымаў дазвол выконваць святарскія абавязкі «вне однако девяти западных губерний». Апостальскім адміністратарам Магілеўскай архідыяцэзіі 25.09.1914 часова прызначаны выконваць абавязкі эканома ў Імператарскай духоўнай рымска-каталіцкай акадэміі. З 01.04.1915 - вікарый касцёла св. апосталаў Пятра і Паўла ў Маскве. Удзельнік 1-га з'езда беларускіх каталіцкіх святароў у Менску (24-25.05.1917). На з'ездзе выступіў з рэфератам «Акцыя духавенства грамадска-эканамічная». На правах сябра ўваходзіў у склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ад Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці (1918-1919). У чэрвені-жніўні 1918 г. камандзіраваны біскупам Э.Ропам у Маскву і Менск. Быў асабіста знаёмы з львоўскім грэка-каталіцкім мітрапалітам А.Р.Шаптыцкім. На пачатку 1920-х гадоў (паводле некаторых крыніц, у 1925) у сувязі з рэпрэсіямі савецкіх улад супраць духавенства і пагрозаю магчымага арышту выехаў у Польшчу. З сярэдзіны 1920-х гадоў працаваў на пасадзе пробашча ў парафіі Машчаніцы Лодзінскай дыяцэзіі. Памёр 26.06.1932.
Літ.: ЦГИА, ф. 46, воп. 1, спр. 65; РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 1529/240; ф. 821, воп. 3, спр. 823; ф. 821, воп. 128, спр. 300; LVIA, ф. 604, воп. 5, спр. 7717; Архівы БНР; Spis duchowieństwa, 1936; Dzwonkowski R., 1998.