Нарадзіўся 02.03.1896 у мястэчку Поразава Ваўкавыскага павета Гарадзенскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і Антона і Антаніны Глякоўскіх. У 1904-1907 гг. вучыўся ў Поразаўскай народнай навучальні. Скончыў гарадскую 4-класную навучальню ў Ваўкавыску (07.06.1913). У 1914 г. паступіў у Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. У пачатку 1920-х гадоў выехаў на вучобу за мяжу. Вучыўся ў папскім Усходнім інстытуце ў Рыме, дзе атрымаў ступень доктара тэалогіі. Пасвячоны ў святары 29.05.1921 у Вільні. Пасля вяртання з Рыма служыў вікарыем у парафіі Тжцяннэ Кнышынскага дэканата і пробашчам у парафіі Трычоўка Ваўкавыскага дэканата. З 1928 г. выкладаў Закон Божы ў Віленскай беларускай гімназіі і настаўніцкай семінарыі. Прымаў удзел у заходнебеларускім рэлігійным і культурна-асветным жыцці. Пашыраў беларускую мову сярод беларусаў-католікаў, выступаў за яе шырокае ўвядзенне ў душпастырскую практыку на заходнебеларускіх абшарах. Сябра Беларускага навуковага таварыства і Беларускага каталіцкага выдавецтва ў Вільні. Выдаваў каталіцкі часопіс для дзяцей «Пралескі» (Вільня). Быў старшынёй беларускіх скаўтаў пры Віленскай беларускай гімназіі. Працаваў вікарыем у парафіі св. Яна ў Вільні. У гады Другой сусветнай вайны прымаў актыўны ўдзел у беларускім рэлігійным і культурна-асветным руху. Выконваў святарскія абавязкі пры касцёле святых Сымона і Алены. Удзельнік канферэнцыі беларускіх школьных інспектараў у Менску (15.12.1941). Там жа публічна арыштаваны нямецкай тайнай паліцыяй. Дакладная дата, месца і акалічнасці смерці застаюцца невядомымі.
Літ.: Прыватны архіў Паплаўскіх; LMABRS, ф. 318, каталог «Г»; LCVA, ф. 51, воп. 7, спр. 953; ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; Directorium... Vilnensi; Catalogus... Vilnensis; ЭГБ, III; Źnič (Рым). 1951. № 65; Мартос А.; Наша вера (Менск). 1996. № 4.