Данілюк Фёдар (1887-1960), праваслаўны святар, мітрафорны протаіерэй, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., рэлігійны і грамадскі дзеяч, прыхільнік Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ).

Нарадзіўся 12.08.1887 у в. Сурынка Слонімскага павета. Паходзіў з сялянскай сям'і праваслаўных беларусаў: бацькі - Васіль і Агрыпіна Данілюкі. Пачатковую адукацыю атрымаў у мясцовай школе ў Сурынцы. Скончыў духоўную школу пры Жыровіцкім манастыры. Працаваў настаўнікам на Слонімшчыне, а пазней псаломшчыкам у Кобрынскім павеце. З 1914 г. - у арміі. Скончыў школу прапаршчыкаў у Гатчыне (1917). У жніўні 1917 г. ўдзельнічаў у з'ездзе беларусаў-вайскоўцаў у Маскве. З кастрычніка 1917 г. - на Румынскім фронце, камісар 4-га беларускага корпуса. Пасля дэмабілізацыі пэўны час знаходзіўся ў Таганрогу. З верасня 1918 г. - у Беларусі. У снежні гэтага ж года абраны старшынёй Беларускай валасной рады ў Ваўкавыску. У студзені 1919 г. - малодшы афіцэр 1-га Беларускага Гарадзенскага палка. Урадам Беларускай Народнай Рэспублікі быў накіраваны ў Летуву ў распараджэнне Міністэрства беларускіх спраў пры Летувіскім урадзе. Удзельнік Слуцкага паўстання 1920 г. Пасля заканчэння савецка-польскай вайны 1920 г. жыў у в. Вярэйкі Ваўкавыскага павета, дзе служыў псаломшчыкам у мясцовай праваслаўнай царкве. Рукапаложаны ў сан святара 21.09.1921. У 1922-1939 гг. - настаяцель праваслаўных прыходаў на Слонімшчыне і Наваградчыне. У 1930-я гады праследаваўся польскімі адміністрацыйнымі ўладамі. У 1935 г. пазбаўлены ўласнага прыхода. Працаваў памочнікам настаяцеля ў мясцовасцях Крывошын і Заблудава. У час Другой сусветнай вайны прымаў удзел у беларускім нацыянальна-рэлігійным жыцці. Як прадстаўнік Наваградскай епархіі ўдзельнічаў у працы Ўсебеларускага царкоўнага сабора ў Менску (30.08-02.09.1942), на якім была абвешчана аўтакефалія Беларускай праваслаўнай царквы. З 1944 г. - у эміграцыі. Спачатку жыў у Германіі. Адзін з ініцыятараў аднаўлення БАПЦ у эміграцыі, удзельнік царкоўнага сабора ў г. Констанц (Германія, 1948). У жніўні 1950 г. перабраўся ў ЗША. Стваральнік і настаяцель прыхода св. Кірылы Тураўскага ў Брукліне (Нью-Ёрк). На ўстаноўчым з'ездзе епархіі БАПЦ у ЗША і Канадзе ў траўні 1960 г. абраны ў епархіяльную ўправу, прызначаны кіраўніком царкоўна-судовага аддзела. У сваёй нацыянальна-рэлігійнай і святарскай дзейнасці паслядоўна адстойваў ідэю аўтакефальнасці Беларускай праваслаўнай царквы. Памёр 29.07.1960 у Нью-Ёрку. Пахаваны на беларускіх могілках у Нью-Брансуіку.

Літ.: Вініцкі А.; Byelorussian Statehood; ЭГБ, III.

Паведаміць пра недакладнасьць