Нарадзіўся 20.06.1913 у в. Зарэчча на Браслаўшчыне. Паходзіў з сялянскай сям'і беларусаў-католікаў. У 1927 г. паступіў у Друйскую гімназію пры кляштары беларускіх айцоў марыянаў. У час вучобы з асаблівай павагай ставіўся да настаўніка і духоўнага апекуна святара Я.Германовіча. З 1932 г. - у ордэне айцоў марыянаў. Пасля заканчэння гімназіі разам з іншымі беларускімі клерыкамі прадоўжыў вучобу ў Вільні, дзе паглыбляў свае веды па тэалогіі і філасофіі. У 1938 г., пасля дэпартацыі польскімі ўладамі беларускіх святароў і клерыкаў з Друйскага кляштара айцоў марыянаў, пераехаў у Варшаву. Там прадоўжыў вучобу. Пасвячоны ў святары ў 1943 г. Да 1966 г. праводзіў душпастырскую працу ў Польшчы пры марыянскіх кляштарах: выконваў абавязкі шпітальнага капелана і магістра навіцыята. Служыў пры капліцы сясцёр Міласэрнасці ў парафіі Гара Кальварыя Варэцкага дэканата. Пасля заснавання ў Варшаве Беларускага грамадска-культурнага таварыства прымаў удзел у яго пасяджэннях і культурна-нацыянальных нарадах. У 1966 г. па ініцыятыве і пры падтрымцы беларускіх святароў пераехаў у Вялікабрытанію. Супрацоўнічаў з беларускім рэлігійным часопісам «Божым шляхам». Выступаў на яго старонках з артыкуламі тэалагічнага і культурна-асветнага характару. Даследаваў гісторыю беларускіх рэлігійных выданняў 19-20 стст. Дзейны сябра Беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі. У апошнія гады душпастырскай дзейнасці быў абраны суперыёрам Беларускага дома марыянаў у Лондане. У складзе беларускай дэлегацыі святароў 29.11-05.12.1982 знаходзіўся ў Ватыкане. 01.12.1982 г. на аўдыенцыі ў папы Іаана Паўла II браў удзел у абмеркаванні пытання пра стан каталіцкай царквы і пастырскай працы сярод беларусаў на бацькаўшчыне і ў эміграцыі. Неўзабаве пасля вяртання з Рыма раптоўна памёр 11.12.1982 у Лондане.
Літ.: Rocznik, 1966; Беларус (Нью-Ёрк). 1983. № 308-309.