Завальнюк Уладзіслаў (нар. 1949), каталіцкі святар заходняга абраду, магістр тэалогіі, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр, гісторык, выдавец, перакладчык і публіцыст.

Нарадзіўся 08.07.1949 у сяле Жданава Вінніцкай вобл. Паходзіць з сялянскай каталіцкай сям'і: бацькі - Мацвей і Ганна (з дому Рошакаў) Завальнюкі. Скончыў Жданаўскую сярэднюю школу (1965). У гэтым жа годзе прыехаў у Рыгу. Рыхтуючыся да паступлення ў мясцовую духоўную каталіцкую семінарыю, вывучаў латышскую мову. Працаваў на будоўлі каменшчыкам-бетоншчыкам. У 1969-1974 гг. - клерык Рыжскай вышэйшай духоўнай каталіцкай семінарыі. Пад час вучобы перапісваўся з місіянерамі ў Паўднёвай Амерыцы, Афрыцы і Азіі. Меў намер прысвяціць сябе місіянерскай дзейнасці. Пасвячоны ў святары 26.05.1974 у Рызе кардыналам Юльянам Вайдосам. Душпастырскую дзейнасць распачаў на пасадзе пробашча ў грэка-каталіцкай капліцы на армянскіх могілках у Кішынёве. Знаходзячыся ў Малдове, абслугоўваў каля 70 парафій (у тым ліку 11 нямецкіх). Карыстаўся глыбокай павагай вернікаў. За рэлігійную дзейнасць праследаваўся савецкімі ўладамі. На пачатку 1979 г. быў змушаны пакінуць Малдову. Вярнуўся ў Латвію, дзе выконваў святарскія абавязкі ў г. Валміера. Пазбаўлены магчымасці адпраўляць набажэнствы, увесну 1979 г. выехаў у Казахстан. Пэўны час жыў у Цалінаградзе, Какчатаве, Краснаармейску і Паўладары. Тры месяцы нелегальна займаўся душпастырскай дзейнасцю ў Краснаярску. З 1980 г. - у Латвіі. Служыў вікарыем у мястэчку Варакляны ў Латгаліі. Быў абмежаваны савецкімі адміністрацыйнымі ўладамі ў выкананні святарскіх абавязкаў - меў права толькі спавядаць і адпраўляць імшу. У лістападзе - снежні 1980 г. прымусова змешчаны ў псіхіятрычную бальніцу ў г. Даўгаўпілс. Са студзеня 1981 г. - на пасадзе пробашча ў парафіях Лэнас, Айспутэ, Вентспілс, Кулдзігэ Ліепайскага дэканата. У 1984 г. пераведзены ў Беларусь. Працаваў пробашчам у касцёле св. Тройцы ў Глыбокім. Пасля 1988 г. адначасова служыў вікарыем у Менскім Кальварыйскім касцёле Ўзвышэння крыжа. З 1989 г. разам з вернікамі змагаўся за вяртанне беларускіх каталіцкіх святынь у Менску (касцёл святых Сымона і Алены, Кафедральны касцёл, касцёл св. Роха). Аднавіў і адкрыў каталіцкія парафіі ў Каралішчавічах, Чэрвені, Смалявічах, Раўбічах і інш. З пачатку 1990-х гадоў паслядоўна праводзіць беларусізацыю каталіцкай царквы ў Беларусі. У 1991 г. адмовіўся ад прапановы выехаць на вучобу ў Рым. Завочна прадоўжыў вучобу ў Каталіцкай тэалагічнай акадэміі ў Варшаве. Скончыў вышэйшыя магістэрскія курсы па тэалогіі (22.02.1993). З 1991 г. вядзе шырокую рэлігійную кнігавыдавецкую дзейнасць. Падрыхтаваў і выдаў на беларускай мове шэраг кніг для вернікаў: «Сьвятая Імша», 1990; «Катэхізм» (на 4 мовах), 1993; «Будслаўскі касьцёл - сьвятыня Беларусі», 1993; «Сьвятыня Беларусі», 1994; «Сьвяты Ружанец», 1994; «Прыгатаваньне да першай Сьвятой споведзі», 1995; «Абрады пахавання», 1998 і інш. Вялікую ўвагу аддае падрыхтоўцы рэлігійных спеўнікаў. Адзін з аўтараў навукова-папулярнай кнігі «Канфесіі на Беларусі (канец XVIII-XX ст.)» (Менск, 1998). З 11.09.1993 на Беларускім радыё вядзе рэлігійную перадачу «Голас душы». Адзін з заснавальнікаў Хрысціянскага таварыства міласэрнасці (1993). Сябра Каардынацыйнай камісіі Сінода Менска-Магілеўскай і Пінскай архідыяцэзій (з 14.04.1996). Для пашырэння беларускай мовы ў святарскай дзейнасці прымаў удзел у перакладзе для каталіцкага духавенства ў Беларусі літургічных кніг («Імшал», «Рытуал»). Ініцыятар адкрыцця ў Менску Беларускага каталіцкага ўніверсітэта. Адзін з арганізатараў дабрачыннага Фонда абароны жыцця. 25.05.1999 абраны правадзейным членам Міжнароднай акадэміі экалогіі. Выступае з артыкуламі нацыянальна-рэлігійнай праблематыкі ў беларускім, нямецкім, польскім і латышскім перыядычным друку.

Літ.: Аўтабіяграфія Ў.Завальнюка; Звязда (Менск). 1995. № 221; Голас Радзімы (Менск). 1999. № 29-30; Літаратура і мастацтва (Менск). 1998.

Паведаміць пра недакладнасьць