Кавалеўскі Нікадзім (1888 - пасля 1939), каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 01.01.1888 у мясцовасці Грабава Сакольскага павета Гарадзенскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і: бацькі - Сямён і Марыяна (з дому Грыжанёвых) Кавалеўскія. Атрымаў хатнюю адукацыю. У 1905 г. скончыў Сакольскую гарадскую 3-класную навучальню. Прадоўжыў вучобу ў рэальнай навучальні Цесарэвіча Аляксея ў Горадні. З 1910 г. - на 1-м курсе Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Прымаў удзел у дзейнасці культурна-асветнага гуртка беларусаў-клерыкаў. Выбыў 12.11.1911 з 2-га курса ў сувязі з пераходам у свецкае званне для паступлення на вайсковую службу. На пачатку 1914 г. выказаў жаданне вярнуцца ў лік выхаванцаў семінарыі. Пасвячоны ў святары 26.05.1918. Душпастырскую дзейнасць распачаў у гэтым жа годзе на пасадзе вікарыя ў г. Кобрын. З 1921 г. - пробашч у г. Картуз-Бяроза. У 2-й палове 1930-х гадоў кіраваў спачатку Пружанскім, а пазней Ціханавецкім дэканатамі Пінскай дыяцэзіі. З часоў вучобы ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі звязаны з беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам.

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «К»; LCIA, ф. 604, воп. 5, спр. 7799, 8297; Catalogus... Vilnensis; Elenchus... Pinscensis; Krynica (Вільня). 1925. № 3.

Паведаміць пра недакладнасьць