Нарадзіўся 29.07.1880 у г. Слонім (паводле іншых крыніц, у в. Шэйпічы Слонімскага павета). З дзяцінства выявіў здольнасці да малявання, ігры на скрыпцы і спеваў. Скончыў Слонімскую павятовую навучальню. Вучыўся на курсах чарцёжнікаў. Служыў у канцылярыі міравога суддзі ў Слоніме. З 1904 г. жыў у Варшаве, дзе да пачатку Першай сусветнай вайны працаваў чарцёжнікам. Пасля няўдалых спроб на пачатку 1920-х гадоў пераехаць у Вільню канчаткова асталяваўся ў Варшаве. З 1907 г. супрацоўнічаў з беларускім перыядычным друкам. У гісторыі беларускай літаратуры 20 ст. вядомы як паэт «нашаніўскай пары». Выдаў асобнай кніжкай зборнік вершаў «Чыжык беларускі» (Вільня, 1912). Быў асабіста знаёмы з Янкам Купалам і Якубам Коласам. У міжваеннае дваццацігоддзе браў чынны ўдзел у дзейнасці рэлігійнай суполкі метадыстаў. Паводле ўспамінаў заходнебеларускага дзеяча А.Клімовіча, менавіта па гэтай прычыне не меў доступу да тагачаснага заходнебеларускага друку і таму шукаў падтрымкі і апірышча ў асяроддзі заходнебеларускіх радыкалаў. Са студзеня 1927 г. выдаваў у Варшаве штомесячнік «Дух і праўда» як дадатак да выдання «Pielgrzym Polski». Ад Радашковіцкага таварыства беларускай школы ўдзельнічаў у школьнай акцыі метадычнай місіі па арганізацыі беларускіх прыватных школ на вёсцы. Супрацоўнічаў з дзіцячым часопісам «Заранка», на старонках якога выступаў з вершамі і прозай. У 1930 г. ў Вільні пад яго рэдакцыяй выйшаў спеўнік з нотамі «Хрысціянскія духоўныя песні. Божая ліра», выдадзены Паўночна-Амерыканскай суполкай «Sothern Trade». Вядомы як бібліяфіл. У сваёй прыватнай бібліятэцы ў Варшаве сабраў унікальныя беларускія друкаваныя выданні 19 ст. («Мужыцкая праўда» К.Каліноўскага, «Дудка беларуская» Ф.Багушэвіча). Загінуў у верасні 1944 г. пры падаўленні нямецкімі войскамі Варшаўскага паўстання.
Літ.: ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; БП, IV; ЭГБ, IV; Сьветач Хрыстовае навукі (Нью-Ёрк). 1962. № 6-7; 1965. № 2; Баявая Ускалось (Таронта). 1973. № 13.