Мадэст (1894-1972?), праваслаўны святар, архімандрыт, рэлігійны і грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст. У свецкім жыцці - Мадэст Яцкевіч.

Нарадзіўся 01.05.1894 у мястэчку Паставы Дзісенскага павета. Паходзіў з праваслаўнай сям'і: бацькі - Іван і Вольга Яцкевічы. У 1921 г. скончыў Віленскую духоўную семінарыю. Рукапаложаны ў сан святара 21.11.1921. Пастырскую дзейнасць распачаў у прыходзе Трокі. З 1930 г. працаваў у Гейшышках. 31.12.1935 прызначаны на пасаду настаяцеля прыхода Габы ў Пастаўскім павеце. Супрацоўнічаў з заходнебеларускім перыядычным друкам («Незалежная Беларусь»). Выступаў за беларусізацыю царкоўна-рэлігійнага жыцця на заходнебеларускіх абшарах. У гады Другой сусветнай вайны працаваў у беларускіх грамадска-палітычных арганізацыях самапомачы і пры самаўрадзе Лідскай акругі. Абраны ў Беларускі камітэт даверу пры генеральным камісары Беларусі (27.06.1943). З 1944 г. - у эміграцыі. Спачатку жыў у Германіі. Пазней перабраўся ў Аргенціну. З 1949 - у Аўстраліі. Служыў настаяцелем у прыходзе Трох Віленскіх пакутнікаў (з 06.04.1958). У 1962 г. выступіў з-пад юрысдыкцыі архіепіскапа Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) Сяргея і прыняў юрысдыкцыю Канстанцінопаля. Выдаваў часопіс Аўстралійскай епархіі БАПЦ «Наша Царква». Рэктар беларускіх прыходаў у Аўстраліі «пад патрыяршай юрысдыкцыяй царгародскай».

Літ.: LCVA, ф. 51, воп. 7, спр. 903; ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1, с. 346; Литовские епархиальные ведомости (Вільня). 1921. № 4-5; Беларуская газэта (Менск). 1943. № 48; Беларускі праваслаўны каляндар на 1960 г. (Мельбурн). 1960; Беларускі голас (Таронта). 1962. № 99; 1969. № 121.

Паведаміць пра недакладнасьць