Нарадзіўся 13.04.1871 у мясцовасці Лугіна недалёка ад Марыямпаля. Паходзіў з летувіскай каталіцкай сям'і. У 1891-1893 гг. вучыўся ў духоўнай каталіцкай семінарыі ў г. Кельцы. Наступныя два гады правёў у Варшаўскай духоўнай семінарыі (1893-1895). У ліку лепшых выпускнікоў быў накіраваны на далейшую вучобу ў духоўную каталіцкую акадэмію ў Пецярбург (з 1895). Пасвячоны ў святары ў 1898 г. Вучыўся за мяжой. Тэалагічныя і філасофскія веды паглыбляў у г. Фрайбург (Германія), дзе ў 1903 г. абараніў доктарскую дысертацыю. З 1907 г. - выкладчык сацыялогіі ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу. Пазней там жа выкладаў дагматычную тэалогію (1909-1911). Браў удзел у грамадска-культурным жыцці каталіцкай грамадскасці Пецярбурга. Адзін з ініцыятараў і заснавальнікаў рымска-каталіцкага таварыства «Асвета». У 1909 г. ўступіў у ордэн марыянаў, Падрыхтаваў праект рэформы і праграму аднаўлення ордэна марыянаў скасаванага царскімі ўладамі ў 1864 г. Хадайнічаў перад Апостальскім пасадам аб іх зацвярджэнні і атрымаў станоўчы адказ. У 1909-1915 гг. праводзіў актыўную працу па арганізацыі тайных навіцыятаў і Дамоў марыянаў у Фрайбургу, Чыкага, Вене і Марыямпалі. У Варшаве адначасова з Домам марыянаў арганізаваў прытулак для бяздомных дзяцей (1915), там жа быў абраны ў Камісію па справах ордэнаў пры канферэнцыі біскупаў Варшаўскай мітраполіі. Уваходзіў у склад гарадской управы Варшавы. У 1918 г. абраны віленскім ардынатарам. У снежні таго ж года кананічна ўзначаліў Віленскую дыяцэзію. Як рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч выступаў за нацыянальную і рэлігійную талерантнасць, клапаціўся пра ўзровень рэлігійнага жыцця ў дыяцэзіі. Падтрымліваў беларускі нацыянальна-рэлігійны рух. Заахвочваў маладых беларускіх клерыкаў і святароў да шырокага ўжывання іх роднай беларускай мовы ў паўсядзённым жыцці і душпастырскай дзейнасці. Разам з іншымі летувіскімі біскупамі (у тым ліку Ф.Карэвічам) падтрымліваў выданне беларускіх рэлігійных кніг і перыёдыкі. Спрычыніўся да арганізацыі ў Друі беларускага кляштара айцоў марыянаў. Карыстаўся асаблівай павагай сярод беларускіх святароў і вернікаў беларускіх парафій Віленскай дыяцэзіі. У 1923 г. заснаваў Таварыства еўхарыстак, якое праводзіла рэлігійную дзейнасць сярод беларускага насельніцтва. Дзеяч летувіскага нацыянальна-культурнага і рэлігійнага руху канца 19 - 1-й чвэрці 20 ст. З 1923 г. знаходзіўся ў канфлікце з польскім урадам, які тройчы звяртаўся да Апостальскага пасада з патрабаваннем звольніць біскупа Ю.Матулявічуса з пасады кіраўніка Віленскай дыяцэзіі за «фаварызаванне летувісаў». У 1925 г. адышоў ад кіраўніцтва дыяцэзіяй. Выехаў у Рым, дзе як тытулярыст заняўся справамі ордэна марыянаў. У гэтым жа годзе па ініцыятыве Пія XI прызначаны Апостальскім адміністратарам у Летуве. Быў адным з ініцыятараў стварэння «Каталіцкіх акцый». Аўтар шэрагу артыкулаў тэалагічнага і педагагічна-грамадскага зместу. У апошнія гады душпастырскай і культурна-грамадскай дзейнасці працаваў над праектам новай летувіскай касцельнай адміністрацыі, зацверджаным Апостальскім пасадам 04.04.1926. Памёр 27.01.1927 у г. Коўна.
Літ.: PSB, XXXIX; Chryścianskaja Dumka (Вільня). 1937. № 5.