Мікалай (1917-2002), праваслаўны святар, архіепіскап, іерарх Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) у эміграцыі, рэлігійны і грамадскі дзеяч беларускага замежжа. Удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст. У свецкім жыцці - Міхаіл Мацукевіч.

Нарадзіўся 21.05.1917 на хутары Суяцін Яршоўскага павета Самарскай губ. Паходзіць з праваслаўнай сям'і беларусаў-бежанцаў. У час Першай сусветнай вайны бацькі - Кандрат і Домна (з дому Дзямковічаў) Мацукевічы выехалі з роднай вёскі Моталь на Берасцейшчыне. У 1921 г., пасля смерці маці і сястры, вярнуўся разам з бацькам і двума братамі ў Беларусь. Скончыў пачатковую школу (1932). Пазней вучыўся ў Тараканаўскай сельскагаспадарчай школе. Служыў у польскім войску ў Берасці, дзе сустрэў Другую сусветную вайну. Быў паранены. У лістападзе 1939 г. вярнуўся дадому. Вучыўся на настаўніцкіх курсах у Берасці. Пазней пераехаў у Пінск. Пасля акупацыі Беларусі нямецкімі войскамі «працаваў на ўласнай гаспадарцы». У красавіку 1944 г. быў арыштаваны нямецкімі ўладамі і вывезены ў Германію. Да лютага 1945 г. знаходзіўся на работах (капаў акопы) паміж гарадамі Кобленц і Бон. Вызвалены амерыканскімі войскамі. З 17.03.1945 жыў у Вялікабрытаніі, дзе працаваў на ферме недалёка ад г. Глазга. Падтрымліваў сувязі з беларускімі перасяленцамі ў Германіі. У 1946 г. ў час наведвання сваякоў у беларускім лагеры ў г. Ватэнштэт пазнаёміўся з беларускім грамадскім дзеячам М.Шылам. Удзельнік 1-га з'езда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі (1947). Пасля 1949 г. жыў у Лондане, дзе на працягу двух гадоў працаваў адміністратарам Беларускага дома. У жніўні 1951 г. пераехаў у Канаду. Вучыўся на багаслоўскім факультэце Калегіі св. Андрэя ў г. Вініпег. Рукапаложаны ў сан іерэя 06.05.1952 іерархам Украінскай грэка-праваслаўнай царквы мітрапалітам Іларыёнам. Са жніўня 1954 г. жыў у Таронта, дзе арганізаваў прыход св. Кірылы Тураўскага. Першую святую літургію адслужыў 04.10.1954. Апрача Таронта святарскія абавязкі выконваў у гарадах Садберы, Атава, Манрэаль і інш. З сярэдзіны 1960-х гадоў штомесяц прыязджаў на набажэнства да беларускіх вернікаў у г. Дэтройт (ЗША). Адзін з арганізатараў беларускага праваслаўнага прыхода Святога Духа ў г. Дэтройт. У кафедральным саборы св. Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку 02.10.1966 пастрыгся ў манахі і прыняў імя Мікалай. На наступны дзень узведзены архіепіскапам БАПЦ Сяргеем у сан ігумена і архімандрыта. Рукапаложаны ў сан епіскапа Турава-Пінскага і Таронцкага 10.03.1968 у Аўстраліі. У траўні 1983 г. на надзвычайным саборы БАПЦ у Кліўлендзе абраны першым іерархам БАПЦ. На 3-м саборы БАПЦ у царкве Жыровіцкай Божай Маці ў Гайленд-Парку (Нью-Ёрк) абраны паўторна першым іерархам БАПЦ. Садзейнічаў выданню царкоўна-рэлігійных кніг «Праваслаўны малітоўнік» (1966) і «Службоўнік» (1980). У лютым-сакавіку 1992 г. наведаў Беларусь. Узначальваў Фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі. Памёр 20.06.2002 у Таронта.

Літ.: Бацькаўшчына (Мюнхен). 1960. № 23, 31-33; Вініцкі А.; Голас Царквы (Нью-Ёрк). 1972. № 36; Беларус (Нью-Ёрк). 1984. № 321; Беларус (Нью-Ёрк). 1992. № 390.

Паведаміць пра недакладнасьць