Міцкевіч Міхаіл (1897-1991), грамадска-культурны і рэлігійны свецкі дзеяч, педагог, празаік, публіцыст і перакладчык. У літаратурным жыцці выступаў пад псеўданімам Антось Галіна.

Нарадзіўся 13.07.1897 у в. Мікалаеўшчына Менскага павета. Паходзіў з беларускай праваслаўнай сям'і: бацькі - Міхаіл і Ганна Міцкевічы. Прыходзіўся малодшым братам Якубу Коласу. Вучыўся ў пачатковай школе ў Мікалаеўшчыне. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1918). З 1917 г. ўдзельнічаў у беларускім нацыянальна-адраджэнскім руху. Браў удзел на правах дэлегата ў працы 1-га Ўсебеларускага кангрэса (Менск, 18.12.1917). Сябра саюза беларускіх настаўнікаў. Актыўна выступаў за пабудову беларускай нацыянальнай школы. 15.10.1919 Беларускай школьнай радай Меншчыны прызначаны настаўнікам беларускай мовы Менскай беларускай гімназіі. Супрацоўнічаў з беларускімі перыядычнымі выданнямі «Вольная Беларусь», «Беларускі шлях», «Беларусь» і інш. У верасні 1939 г. з прыходам у Заходнюю Беларусь Чырвонай Арміі працаваў настаўнікам і дырэктарам школы ў Мікалаеўшчыне. У гады Другой сусветнай вайны ўдзельнічаў у працы беларускіх культурна-грамадскіх і асветных арганізацый. Працаваў інспектарам школ. З 1944 г. - у эміграцыі. Жыў у Чэхаславакіі, пазней знаходзіўся ў Германіі. У г. Рэгенсбург браў чынны ўдзел у арганізацыі культурна-грамадскага, школьнага і царкоўна-рэлігійнага жыцця. Працаваў школьным інспектарам амерыканскай зоны. Падрыхтаваў і выдаў у скаўцкім выдавецтве «Крыніца» чытанкі для дзяцей 1-га, 2-га і 3-га класаў пачатковых школ. Адзін з ініцыятараў і арганізатараў рэлігійнага жыцця ў беларускіх лагерах для перамешчаных асоб. Сябра Вышэйшага царкоўнага праўлення Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў эміграцыі. Прымаў непасрэдны ўдзел у стварэнні Брацтва Жыровіцкай Божай Маці. Пасля пераезда ў ЗША (1950) пасяліўся ў Нью-Ёрку. Вёў шырокую грамадскую працу. Быў абраны старшынёй выдавецкага фонду газеты «Беларус». На правах намесніка ўваходзіў у Галоўную ўправу Беларуска-Амерыканскага задзіночання. Апекаваўся саборам св. Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку. У 1970-1981 гг. узначальваў рэдакцыю часопіса «Голас Царквы» (Нью-Ёрк). Падрыхтаваў «Беларускі царкоўны каляндар». У 1960-я гады пераклаў з царкоўнаславянскай мовы на беларускую тэксты малітваў, набажэнстваў, евангелляў. Памёр 25.10.1991 у Нью-Ёрку. Пахаваны на беларускіх могілках у Нью-Брансуіку.

Літ.: Кіпель В.; Роднае слова (Менск). 1995. № 10; Полымя (Менск). 1997. № 7.

Паведаміць пра недакладнасьць