Нарадзіўся 08.02.1893 у Пецярбургу. Паходзіў з беларускай сялянскай сям'і. Бацькі - Ян і Вікторыя (з дому Рудзевых) Неманцэвічы перабраліся ў «паўночную сталіцу» з в. Парчэўцы Круглянскай воласці Сакольскага павета Гарадзенскай губ. Першапачаткова вучыўся ў Сестржанцэвіцкай павятовай навучальні, якую скончыў 29.05.1909. Вытрымаў дадатковыя экзамены на званне аптэкарскага вучня па геаметрыі, нямецкай і лацінскай мовах у экзаменацыйным камітэце Пецярбургскай навучальнай акругі ў сакавіку 1910 г. Па іншых звестках - скончыў гімназію пры парафіі св. Кацярыны. З 1910 г. - студэнт 1-га курса Магілеўскай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу. Прадоўжыў вучобу ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі, якую скончыў са ступенню магістра тэалогіі. У час вучобы прымаў удзел у дзейнасці беларускага культурна-асветнага гуртка клерыкаў-беларусаў. Пасвячоны ў святары 27.09.1915. Душпастырскую дзейнасць распачаў у Колпіне недалёка ад Петраграда. З прыходам да ўлады бальшавікоў праследаваўся за рэлігійную дзейнасць. Першы раз арыштаваны 25.05.1919 і асуджаны на 6 месяцаў турмы. Пасля 1920 г. служыў вікарыем пры парафіі святых Пятра і Паўла ў Маскве. Вёў шырокую рэлігійную і культурна-асветную працу сярод дзяцей і моладзі. Арыштаваны органамі савецкай бяспекі 31.05.1921 за «антысавецкую дзейнасць». Вызвалены і дэпартаваны ў Польшчу ў выніку абмену палітычнымі вязнямі паміж польскім і савецкім урадамі. У 1925-1927 гг. вучыўся ў папскім Усходнім інстытуце ў Рыме. Абараніў доктарскую дысертацыю. У канцы 1920-х гадоў вярнуўся ў Польшчу. Працаваў выкладчыкам Місіянерскага інстытута і законавучыцелем у школах Любліна. У 1928-1929 гг. вёў заняткі па параўнальнай тэалогіі ў Люблінскім каталіцкім універсітэце. Выконваў святарскія абавязкі ў Альбярціне і пры вуніяцкай парафіі ў Сынкавічах на Палессі. У 1932-1937 гг. рэдагаваў і выдаваў беларускі вуніяцкі часопіс «Да злучэньня». З 1934 г. - прафесар фундаментальнай тэалогіі і кананічнага права ў папскай Усходняй семінарыі ў г. Дубна (Заходняя Ўкраіна), дзе пэўны час займаў пасаду рэктара. У 1938 г. рэдагаваў часопіс «Злучэньне». 17.09.1939 мітрапалітам А.Р.Шаптыцкім узведзены ў сан экзарха беларускай вуніяцкай царквы. Увёў беларускую мову як афіцыйную ў духоўнае справаводства і царкоўнае жыццё. У гады Другой сусветнай вайны разгарнуў шырокую дзейнасць па арганізацыі адміністрацыйных структур новастворанага Беларускага экзархата. У жніўні 1942 г. па дарозе з Львова ў Альбярцін арыштаваны нямецкай тайнай паліцыяй. Да пачатку 1990-х гадоў дата, месца і акалічнасці смерці першага беларускага экзарха заставаліся невядомымі. У сувязі з гэтым існаваў шэраг версій гібелі А.Неманцэвіча. Паводле апошніх польскіх публікацый і выданняў удалося ўстанавіць, што ён памёр 01.04.1943 у берлінскай турме.
Літ.: ЦГИА, ф. 46, воп. 3, спр. 226; Directorium... Mohiloviensi; Elenchus... Pinscensis; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1934. № 8; Stankievič A., 1939; Мартос А.; Dzwonkowski R., 1998; EW; ЭГБ, V.