Пятроўскі Міхаіл (1889-1931), каталіцкі святар заходняга абраду, рэлігійны і грамадска-культурны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 03.10.1889 у маёнтку Празарокі Дзісенскага павета Віленскай губ. Паходзіў з мяшчанскай сям'і: бацькі - Язэп і Паўліна (з дому Садоўскіх) Пятроўскія. Першапачатковую адукацыю атрымаў дома. 16.12.1904 здаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Маскоўскай навучальнай акругі. У траўні 1905 г. вытрымаў уступныя экзамены ў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю, але з-за адсутнасці вольных месцаў прыняты ў лік семінарыстаў у кастрычніку 1906 г. Прадоўжыў вучобу ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу, дзе браў удзел у працы беларускага культурна-асветнага гуртка. Пасвячоны ў святары ў 1912 г. Выконваў душпастырскія абавязкі на пасадзе вікарыя ў парафіі Даўгінава Віленскага дэканата. З 1917 г. - на пасадзе адміністратара ў в. Шаркоўшчына Дзісенскага дэканата. У сакавіку 1919 г. браў удзел у працы школьнай камісіі польскага епіскапата. На адным з пасяджэнняў падаў прапанову і ініцыяваў стварэнне «Хрысціянскай хрэстаматыі для моладзі». Удзельнік Беларускага з'езда Віленшчыны і Гарадзеншчыны (09-11.06.1919). На з'ездзе разам з праваслаўным святаром М.Кушнёвым быў абраны ў Цэнтральную Беларускую раду Віленшчыны і Гарадзеншчыны. Выступаў за беларусізацыю нацыянальна-рэлігійнага жыцця на заходнебеларускіх абшарах. Звяртаўся да вернікаў з беларускімі казаннямі. Шырока выкарыстоўваў родную мову на занятках па рэлігіі і пры катэхізацыі. У 1921 г. арыштаваны і зняволены ў турму на Лукішках у Вільні. У 1925 г. быў абвінавачаны ў «беларускай агітацыі» сярод жыхароў парафіі Даўгінава. Памёр 26.07.1931 у парафіі Вінна Пінскай дыяцэзіі, дзе і пахаваны на мясцовых могілках.

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «П»; LVIA, ф. 604, воп. 5, спр. 7146, 8144; ф. 694, воп. 3, спр. 10; ф. 694, воп. 1, спр. 2520, 2999; Архівы БНР; Directorium... Vilnensi; Elenchus... Pinscensis; Krynica (Вільня). 1919. № 4-5, 11; 1920. № 13; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1931. № 13.

Паведаміць пра недакладнасьць