Рэшаць Язэп (1890-1958), каталіцкі святар заходняга абраду, бенедыкцінец, місіянер, доктар філасофіі і тэалогіі, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, вучоны, педагог, пісьменнік, драматург і публіцыст. У беларускім друку выступаў пад псеўданімам Я.Рушчанец (J.Ruščanec).

Нарадзіўся 28.07.1890 у в. Рушчаны Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і беларусаў-католікаў: бацькі - Ян і Ганна (з дому Баброўскіх) Рэшаці. Скончыў Беластоцкую гарадскую гімназію (1910). У гэтым жа годзе паступіў у Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. На правах сябра ўваходзіў у культурна-асветны гурток беларускіх студэнтаў. Прадоўжыў вучобу ў Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме (1913-1919), які скончыў са ступенню доктара філасофіі і тэалогіі. Падчас побыту ў Вечным горадзе адначасова наведваў заняткі ў папскім Усходнім інстытуце (1919-1921) і ў Collegium Germanicum. Пасвячоны ў святары 02.12.1917 у Рыме. Пасля вяртання на бацькаўшчыну ў 1921 г. кароткі час служыў вікарыем-кааператарам у Горадні. Працаваў у Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі на пасадзе прафесара філасофіі і апалагетыкі. Адначасова выкладаў патрыстыку ў мясцовым універсітэце імя Стафана Баторыя і Закон Божы ў Віленскай беларускай гімназіі. Прымаў удзел у заходнебеларускім нацыянальна-рэлігійным жыцці. У складзе беларускай дэлегацыі ўдзельнічаў у працы 5-га Вуніяцкага кангрэса ў Велеградзе (Чэхаславакія, 20-24.07.1927). Супрацоўнічаў з каталіцкімі перыядычнымі выданнямі («Chryścijanskaja Dumka»). З прыходам на пасаду кіраўніка Віленскай дыяцэзіі біскупа Р.Ялбжыкоўскага пераведзены ў Беластоцкую настаўніцкую семінарыю, а пазней - на душпастырскую дзейнасць у в. Даўнары на Мазурах (з 1931). У 1938 г. выехаў у Паўночную Амерыку, дзе ўступіў у ордэн св. Бенядзікта ў абацтве св. Пракопа ў мясцовасці Лайл недалёка ад Чыкага. Памёр 15.02.1958. Адзін з відных тэолагаў і вучоных у гісторыі беларускага хрысціянскага руху 20 ст. Аўтар рэлігійных і навуковых кніг «З Хрысьціянскай Аполёгэтыкі», «Сьвятыя», «Кароткі Катэхізм для Беларусаў-Каталікоў».

Літ.: ЦНБ, ф. 4, воп. 1, спр. 138; Krynica (Вільня). 1924. № 5; Беларуская царква (Чыкага). 1963. № 25.

Паведаміць пра недакладнасьць