Нарадзіўся 25.11.1914 у в. Дзедзінка Браслаўскага павета Віленскай губ. Паходзіў з мнагадзетнай сялянскай сям'і беларусаў-католікаў: бацькі - Вінцук і Ядвіга (з дому Тычкаў) Сіповічы. Пачатковую адукацыю атрымаў дома. З 1928 г. - вучань Друйскай гімназіі пры кляштары айцоў марыянаў. Пасля пяці гадоў навучання ўступіў у навіцыят. У 1934 г. прыняў часовы манаскі зарок і прадоўжыў вучобу ў гімназіі. Пасля яе заканчэння вывучаў тэалогію і філасофію ў Віленскім універсітэце імя Стафана Баторыя. Па загадзе польскіх адміністрацыйных улад Віленскага ваяводства разам з іншымі студэнтамі выселены з Друйскага кляштара айцоў марыянаў (09.07.1938). Першапачаткова меў намер прадоўжыць вучобу ва ўніверсітэце. Аднак вярнуцца ў Вільню не дазволілі польскія ўлады. Тады ж вырашыў стаць каталіцкім святаром усходняга абраду. Па прапанове вышэйшых духоўных улад ордэна марыянаў прадоўжыў вучобу на тэалагічным факультэце папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта ў Рыме. Там жа пасвячоны 16.06.1942 (паводле іншых звестак - у 1940) у святары. Вучыўся ў папскім Усходнім інстытуце, дзе падрыхтаваў і абараніў (19.12.1942) доктарскую дысертацыю, прысвечаную мітрапаліту Ясону Смагажэўскаму. Адначасова з вучобаю выконваў абавязкі сакратара генеральнага кіраўніцтва ордэна айцоў марыянаў. У 1947 г. рашэннем Кангрэгацыі па справах Усходняй царквы прызначаны рэктарам Беларускай каталіцкай місіі ўсходняга абраду ў Вялікабрытаніі. З 9 красавіка таго ж года - у Лондане. Адначасова са святарскай дзейнасцю браў удзел у беларускім грамадска-культурным жыцці ў эміграцыі. Сябра Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі. У 1949-1960 гг. працаваў у Каардынацыйным камітэце па справах апекі. Ініцыятар і заснавальнік Беларускага дома айцоў марыянаў у Лондане. У складзе ініцыятыўнай групы беларускіх духоўных і свецкіх дзеячаў (П.Татарыновіч, Л.Гарошка, Л.Рыдлеўскі) хадайнічаў перад папам Піем XII аб адкрыцці Беларускай секцыі Ватыканскага радыё. Адзін з арганізатараў Беларускай школы св. Кірылы Тураўскага і інтэрната пры Лонданскім доме марыянаў (1961). Браў актыўны ўдзел у арганізацыі і дзейнасці Ангельска-беларускага навуковага таварыства. Выступаў з рэфератамі гісторыка-культуралагічнага характару на курсах беларусаведы. Удзельнік 2-га Ватыканскага сабора (1962-1965), дзе быў абраны ў камісію па справах Усходніх Цэркваў. У 1963-1969 гг. - генерал ордэна айцоў марыянаў у Рыме. Ганаровы віцэ-прэзідэнт Таварыства Яна Златавуста ў Лондане (ангельскай арганізацыі, створанай у 1965 г. з мэтай пашырэння ў ангельскамоўным свеце ведаў пра ўсходняе хрысціянства). У жніўні 1965 абраны сябрам Управы беларускага адукацыйнага і дапамогавага фонду ў ЗША. Ініцыятар адкрыцця і заснавальнік Беларускай бібліятэкі імя Ф.Скарыны і музея пры ёй (травень 1971). Браў удзел у з'ездах беларускіх каталіцкіх святароў ў эміграцыі (1961, 1972). Актыўна супрацоўнічаў з беларускімі эмігранцкімі перыядычнымі выданнямі («Беларус», «Бацькаўшчына», «Божым шляхам»). Публікаваў артыкулы рэлігійнай і культурна-грамадскай праблематыкі ў ангельскамоўных выданнях. Сябра рэдкалегіі навуковага часопіса «The Journal of Byelorussian Studies». Памёр 04.10.1981 у Лондане. Пахаваны на могілках св. Панкрата.
Літ.: Бацькаўшчына (Мюнхен). 1960. № 125; The Journal of Byelorussian Studies (Лондан). 1981. Кн. 5. № 1.