Стаповіч Альбін (1894-1934), грамадска-культурны і рэлігійны свецкі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., музыказнавец, кампазітар, літаратурны крытык, выдавец, палітык і публіцыст. У перыядычным друку выступаў пад псеўданімамі Арганісты беларус (Arhanisty biełarus), Кастусь Каравы і інш.

Нарадзіўся 18.03.1894 у в. Бараны Свянцянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і беларусаў-католікаў: бацькі - Мацей і Лізавета (з дому Субачаў) Стаповічы. Родны брат Канстанціна Стаповіча (паэт Казімір Сваяк). Пачатковую адукацыю атрымаў у роднай вёсцы. Пазней вучыўся ў Віленскай музычнай школе імя Монтвілы. На творчае станаўленне яго асобы аказаў уплыў кампазітар Л.Рагоўскі, які працаваў настаўнікам у школе і адкрыў юнаку багацце і прыгажосць народна-песеннай творчасці беларускага народа. Пасля заканчэння школы прадоўжыў вучобу на факультэце права Казанскага ўніверсітэта. Адначасова працаваў арганістам у мясцовым рымска-каталіцкім касцёле. У 1921 г. (паводле іншых крыніц - у 1918) вярнуўся ў Вільню. Да 1924 г. вучыўся ў Віленскім універсітэце імя Стафана Баторыя. Перапыніў вучобу па прычыне матэрыяльнага становішча. Выкладаў спевы і музыку ў Віленскай беларускай гімназіі. З сярэдзіны 1920-х гадоў уключыўся ў заходнебеларускае грамадска-палітычнае і культурнае жыццё. Сваё разуменне шляхоў развіцця беларускай нацыянальнай ідэі і дзяржаўнасці выклаў у працы «Biełarusy і dziaržaŭnaja niezaležnaść» (Вільня, 1929). Супрацоўнічаў з віленскімі перыядычнымі выданнямі («Biełaruskaja Krynica», «Przegląd Wileński» і інш.). Кіраваў віленскай суполкай Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, уваходзіў у яго адміністрацыйна-кіраўнічыя органы. Відны дзеяч Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Адначасова з грамадска-палітычнай дзейнасцю займаўся музычнай творчасцю. Быў кіраўніком беларускага хору пры віленскім рымска-каталіцкім касцёле св. Яна. Працаваў над развіццём і папулярызацыяй беларускай рэлігійнай песні. Даследаваў гісторыю беларускай музычна-песеннай творчасці. У 1930-я гады падрыхтаваў да друку беларускі спеўнік «За Бацькаўшчыну» (выдадзены пасля яго смерці ў Вільні ў 1935). Напісаў некалькі песень. Аўтар навукова-папулярных нарысаў па праблемах беларускай музычнай культуры і нацыянальнай песні. Памёр 18.12.1934 у Вільні. Пахаваны на могілках Роса.

Літ.: ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; Chryścianskaja Dumka (Вільня). 1934. № 8; БП, V.

Паведаміць пра недакладнасьць