Талочка Ўладзіслаў (1887-1942), каталіцкі святар заходняга абраду, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, адзін з ідэолагаў і пачынальнікаў беларускага хрысціянскага руху 20 ст., культуролаг, гісторык, літаратурны крытык. Як публіцыст выступаў пад псеўданімамі Адам Саладух, Дрыгвіч, Gvarneri, Wat і інш.

Нарадзіўся 06.02.1887 у Горадні. Паходзіў з мяшчанскай сям'і беларусаў-католікаў: бацькі - Аляксандар і Марыя (з дому Астроўскіх) Талочкі. Першапачатковую адукацыю атрымаў дома. Вучыўся ў Гарадзенскай гарадской гімназіі (1896-1904). Паспяхова здаў уступныя экзамены ў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. У кастрычніку 1906 г. прыняты ў лік семінарыстаў. Пасвячоны ў святары ў 1909 г. Прадоўжыў вучобу за мяжою. У 1909-1914 гг. вывучаў тэалогію і філасофію ў каталіцкім універсітэце ў Інсбруку (Аўстрыя). З 1914 г. - кіраўнік шпіталя віленскага мясцовага Жаночага камітэта Чырвонага Крыжа пры касцёле св. Яна. Святарскую дзейнасць у Вільні праводзіў у касцёле св. Стафана і ў былым бернардзінскім касцёле. Адным з першых пачаў публічна ўжываць беларускую мову ў набажэнствах. Напярэдадні Першай сусветнай вайны супрацоўнічаў з летувіскімі культурна-грамадскімі і рэлігійнымі выданнямі («Draugija», Коўна; «Vadovas», Сейны). Публікаваў матэрыялы гістарычнай тэматыкі ў віленскім каталіцкім часопісе «Dwutygodnik Diecezjalny». Маральна і матэрыяльна падтрымліваў выданне першай беларускай каталіцкай газеты «Biełarus». Удзельнік 1-га і 2-га вуніяцкіх з'ездаў у Велеградзе (Чэхаславакія). Адзін з ініцыятараў і арганізатараў Віленскага камітэта дапамогі пацярпелым ад вайны (1915-1918), а таксама беларускага дзіцячага прытулку «Золак». З часоў Першай сусветнай вайны - выкладчык рэлігіі ў першых віленскіх беларускіх школах. У 1916-1917 гг. выкладаў на курсах для непісьменных і для рабочых. У студзені 1918 г. ўдзельнічаў у арганізацыі і правядзенні Беларускай канферэнцыі ў Вільні. Удзельнік Беларускага з'езда Віленшчыны і Гарадзеншчыны (25-27.01.1918). На правах сябра ўваходзіў у склад Летувіскай Тарыбы. З 1917 г. звязаны з беларускай нацыянальна-рэлігійнай арганізацыяй «Хрысціянская дэмакратычная злучнасць». Шырока выступаў у яе друкаваным органе - газеце «Krynica» з артыкуламі культурна-адраджэнскай і рэлігійнай праблематыкі. Падтрымліваў шырокія кантакты і вёў перапіску з вядомымі эўрапейскімі рэлігійнымі і культурнымі дзеячамі (мітрапаліты Стоян і Прэчан з Маравіі, мітрапаліт А.Р.Шаптыцкі з Галіцыі). Супрацоўнічаў з нямецкім, італьянскім, летувіскім, украінскім і польскім дэмакратычным друкам. Настойліва і паслядоўна выступаў з пазіцый экуменізму, рэлігійнага яднання і таму, як згадвае А.Клімовіч, быў празваны «Усходнім агенствам». У міжваеннае дваццацігоддзе адзін з вядучых публіцыстаў часопіса віленскіх краёўцаў «Przegląd Wileński». Прымаў удзел у заходнебеларускім навуковым, рэлігійным і грамадска-культурным жыцці. Выступаў за шырокае ўжыванне беларускай мовы ў царкоўным жыцці беларускіх парафій. На старонках віленскага перыядычнага друку выступаў у абарону беларускіх святароў, за беларусізацыю рэлігійнага жыцця беларусаў-католікаў. З 1920-х гадоў праследаваўся польскімі свецкімі і духоўнымі ўладамі. Як «неблаганадзейная асоба» 15.12.1938 загадам ваяводы выселены з Вільні. Жыў у Беластоку. У Вільню вярнуўся на пачатку Другой сусветнай вайны. Памёр 13.11.1942 г. Пахаваны на могілках Роса ў Вільні.

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «Т»; LVIA, ф. 694, воп. 3, спр. 15, 134; ф. 694, воп. 1, спр. 2521; ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; ф. 4, воп. 1, спр. 130; Архівы БНР; Беларуская газэта (Менск). 1942. 29 лістапада; Божым шляхам (Парыж). 1955. № 66-68; Białoruskie Zeszyty Historyczne (Беласток). 1997. № 8.

Паведаміць пра недакладнасьць