Нарадзіўся 11.11.1871 у мястэчку Раманава Слуцкага павета. Паходзіў з сям'і праваслаўнага святара, кіраўніка царкоўнага хору. Выявіў вялікія музычныя здольнасці ў дзіцячыя гады. Скончыў Слуцкую духоўную навучальню. Вучыўся ў Менскай епархіяльнай семінарыі. Служыў у царскай арміі. Пасля дэмабілізацыі спяваў у хоры вядомага расейскага дырыжора Дзмітрыя Агрэнева-Славянскага. У рэпертуар хору ўваходзілі і беларускія народныя песні. У канцы 1890-х гадоў жыў на Ўрале, дзе кіраваў рабочымі харамі на Білімбаеўскім і Шайтанскім чыгуначных заводах. У 1901 г. вярнуўся ў Беларусь. Працаваў настаўнікам і хормайстрам у народных навучальнях Менска. Займаў пасаду рэгента царкоўнага хору пры Старажоўскай царкве. У ліпені 1914 г. стварыў свой першы беларускі хор з нацыянальным беларускім рэпертуарам. Браў удзел у арганізацыі культурна-асветнага асяродка пры «Беларускай хатцы». Выступаў перад дэлегатамі з'езда беларускіх партый і арганізацый у ліпені 1917 г. Восенню 1919 г. па запрашэнні Ў.Ігнатоўскага, рэктара Менскага педагагічнага інстытута, працаваў выкладчыкам. У 1919-1920 гг. - сябра Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта ў Менску. Працаваў лектарам на настаўніцкіх курсах. У гэты ж час па прапанове Беларускай вайсковай камісіі пачаў працу па складанні спеўніка для беларускага войска. Спеўнік быў падрыхтаваны да лета 1920 г., але асобнай кніжкай выйшаў толькі ў 1921 г. («Беларускі спеўнік з нотамі на тры галасы паводле народных мелодый»). Наступная кніга - «Беларускі лірнік» - была выдадзена З.Жылуновічам у Берліне ў 1922 г. Праз 4 гады ў Менску выйшаў яшчэ адзін спеўнік для курсантаў Аб'яднанай беларускай вайсковай школы («Вайсковы зборнік», 1926). Супрацоўнічаў з Першым беларускім таварыствам драмы і камедыі, з мастацкай трупай «Беларускі народны тэатр» пад кіраўніцтвам Ф.Аляхновіча. Ініцыятар і адзін з заснавальнікаў Дзяржаўнага беларускага хору. У 1920-1921 гг. - загадчык музычнай часткі і хормайстар Першага беларускага дзяржаўнага тэатра (БДТ-1). Праследаваўся савецкімі ўладамі. Арыштаваны 23.09.1921 у Менску па сфабрыкаванай менскай ЧК справе. Быў прыгавораны да расстрэлу, які замянілі на 5 гадоў турмы. Сябра Камісіі беларускай песні пры Інбелкульце. У пачатку 1930-х гадоў пазбаўлены працы ў БДТ-1. Да 1933 г. служыў у Пярэспенскай царкве. Рэгент царкоўнага хору Мікалаеўскага сабора ў Менску. У гісторыі беларускага тэатральнага мастацтва 20 ст. вядомы як аўтар музыкі да п'ес і тэатральных пастановак паводле твораў М.Чарота (драма «Купалле») і Я.Міровіча («Машэка», «Каваль-ваявода», «Кастусь Каліноўскі»). Паклаў на музыку верш М.Краўцова «Ваяцкі марш», які ў гісторыі незалежніцкага руху стаў нацыянальным гімнам. Другі раз арыштаваны 17.08.1938 (па іншых звестках - 17.09.1938). Як «агент польскай разведкі» пастановай асобай тройкі НКУС БССР прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 10.11.1938 у Менску.
Літ.: Бацькаўшчына (Мюнхен). 1956. 22 ліпеня; ЭЛіМБел V; Синодик; Мастацтва (Менск). 1996. № 12; Беларус (Нью-Ёрк). 1997. № 448.