Філафей (1905-1986), праваслаўны святар, іерарх Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ), рэлігійны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст. У свецкім жыцці - Уладзімір Нарко.

Нарадзіўся 21.02.1905 у мястэчку Ілья (паводле іншых звестак - у в. Занарач) Вілейскай губ. Паходзіў з сям'і праваслаўных беларусаў. Бацька Еўдакім Нарко працаваў псаломшчыкам у Ільінскай царкве Віленскай епархіі. Першапачатковую адукацыю атрымаў дома. Пазней вучыўся ў гімназіі Фердынанда Велера ў Вільні. Вытрымаў экзамен за курс сямі класаў навучання. У верасні 1921 г. залічаны выхаванцам Віленскай духоўнай праваслаўнай семінарыі. Прадоўжыў вучобу на багаслоўскім факультэце Варшаўскага ўніверсітэта (1925-1929). У 1-й палове 1930-х гадоў пастрыгся ў манахі і прыняў імя Філафей. Жыў у манастыры св. Ануфрыя ў мясцовасці Яблачын Варшаўска-Холмскай епархіі. Пэўны час выконваў святарскія абавязкі ў Галіччыне. У апошнія перадваенныя гады жыў у Варшаве. Служыў настаяцелем беларускага праваслаўнага прыхода. У 1941 г. рукапаложаны ў сан епіскапа. У гады Другой сусветнай вайны ўдзельнічаў у аднаўленні і фармаванні царкоўнага кіраўніцтва БАПЦ. Удзельнік Усебеларускага царкоўнага сабора (Менск, 1942). На саборы прызначаны епіскапам Магілеўскім і Мсціслаўскім. Узведзены ў сан архіепіскапа. З 1944 г. - у эміграцыі. Разам з трыма іншымі іерархамі епіскапата БАПЦ у 1946 г. перайшоў у Расейскую праваслаўную зарубежную царкву. Царкоўная дзейнасць архіепіскапа Філафея ў справе беларускага рэлігійнага жыцця характарызавалася непаслядоўнасцю, што ў выніку прывяло яго да разрыву з БАПЦ. З канца 1940-х гадоў стала жыў у Германіі. Па прычыне хваробы ў 1982 г. выйшаў на пенсію. Памёр 24.09.1986 у г. Гамбург.

Літ.: LCVA, ф. 220, воп. 1, спр. 228; Касяк І.; Мартос А.; Царкоўны Сьветач (Саўт-Рывер). 1967. № 1; Вініцкі А.; Новое Русское Слово (Нью-Ёрк). 1986. 2 кастр.; Запісы (Нью-Ёрк). 1983. № 17; Беларус (Нью-Ёрк). 1986. № 332.

Паведаміць пра недакладнасьць