Нарадзіўся 04.04.1889 у в. Баяршчына Лепельскага павета Віцебскай губ. Паходзіў з беларускай сялянскай сям'і: бацькі - Ян і Марцыяна (з дому Падзерскіх) Хамёнкі. Вучыўся ў Варшаўскай і Пецярбургскай духоўных каталіцкіх семінарыях. У сувязі з пачаткам Першай сусветнай вайны, а пазней ваеннай завірухай 1917-1920 гг. скончыў тэалагічную адукацыю ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі (1922). У гэтым жа годзе пасвячоны ў святары. Выкладаў рэлігію ў пачатковых школах Друйскай парафіі. З 02.08.1925 - у Друйскім кляштары айцоў марыянаў. У міжваеннае дваццацігоддзе пашыраў у рымска-каталіцкай царкве казанні на беларускай мове. Праследаваўся польскімі свецкімі ўладамі. Абвінавачваўся ў «беларускай агітацыі» сярод вучняў і моладзі Друйскай парафіі. У 1938 г. дэпартаваны з Друі разам з іншымі беларускімі святарамі і клерыкамі. Апошнія перадваенныя гады правёў у Цэнтральнай Польшчы. У час Другой сусветнай вайны знаходзіўся ў Варшаве. Памёр у 1971 г. ў кляштары айцоў марыянаў у мясцовасці Скужэц недалёка ад г. Седльцы (Польшча).
Літ.: LCVA, ф. 131, воп. 2, спр. 1146; Directorium... Mohiloviensi; Catalogus... Vilnensis; Божым шляхам (Лондан). 1971. № 5.