Звычайная палятуха (Pteromys volans L., 1758)
Атрад Грызуны (Rodentia), сямейства Палятухі (Pteromyidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі аселы від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны від роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Знешне палятуха падобна да вавёркі, але амаль у 2 разы меншая. Даўжыня цела 14-17 см, маса 100-120 г. Галава невялікая з кароткімі вушамі, якія ў адрозненне ад вавёркі пазбаўлены кутасікаў. Вочы вялікія, пукатыя, чорныя. Хвост пушысты. Пярэднія чатырохпальцыя канечнасці крыху карацейшыя за пяціпальцыя заднія. Кіпцюры кароткія загнутыя, вельмі ўчэпістыя. Па баках цела паміж заднімі і пярэднімі канечнасцямі знаходзіцца пакрытая поўсцю скураная складка, пры дапамозе якой звярок планіруе з дрэва на дрэва. Футра густое, мяккае, шаўкавістае; зімой зверху серабрыста-шэрае, зрэдку з цёмнай рабізной, летам - буравата-попельна-шэрае.
Пашырэнне. Насяляе лясную зону Эўразіі ад Карэліі да берагоў Ціхага акіяна, а таксама Паўночную Манголію, Паўночна-Ўсходні і Цэнтральны Кітай, востраў Хакайда ў Японіі, але ўсюды малаколькасны від. У Беларусі ў 19 ст. траплялася амаль паўсюдна [1]. У 1920-1940 гг. толькі ў Віцебскай і Магілеўскай абласцях [2]. У цяперашні час адзначана толькі ў Лёзненскім раёне [3].
Месцы пражывання. Мяшаныя і лісцевыя лясы з перастойнымі дуплаватымі дрэвамі. Ахвотна селіцца ў паплаўных лясах з наяўнасцю вольхі і асіны.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Невялікая. Вядомы адзінкавыя знаходкі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Антрапагеннае ўздзеянне, высечка старых дуплаватых дрэў.
Асаблівасці біялогіі. Начны звярок. Селіцца ў дуплах дрэў і старых вавёрчыных гайнах. Шарападобныя гнёзды будуе з сухой травы, лішайнікаў, кары. У вясенне-летні перыяд самка прыносіць часцей адзін прыплод (2-4 дзіцяняці). Гон і спароўванне ў лютым-сакавіку і траўні-чэрвені. Голыя і сляпыя малыя, з добра развітай паміж пярэднімі і заднімі канечнасцямі перапонкай, з'яўляюцца ў сакавіку-красавіку і чэрвені-ліпені. Месяц самка корміць іх малаком. Ва ўзросце 6 тыдняў яны робяцца самастойнымі, але зімуюць разам з самкай. Корміцца лісцем, парасткамі, пупышкамі і насеннем дрэў і кустоў, ягадамі, грыбамі і нават насякомымі, зімой - каташкамі вольхі і бярозы, пупышкамі хваёвых парод. На зіму робіць невялікія запасы корму [4, 5].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Адлоў і адстрэл у Беларусі забаронены [6].
Неабходныя меры аховы. Выяўленне новых месцаў пражывання і іх ахова, вывучэнне біялогіі і экалогіі віду, прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Семёнов-Тян-Шанский, 1905; 2. Фядзюшын, 1928; 1932; 3. Дорофеев, Сюборова, 1987; 4. Курсков, 1987; 5. По страницам Красной книги, 1987; 6. Положение, 1987.

А.Курскоў

Паведаміць пра недакладнасьць