Барсук (Meles meles L., 1758)
Атрад Драпежныя звяры (Carnivora), сямейства Куніцавыя (Mustelidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі, уразлівы від, колькасць якога скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны від роду ў фауне Беларусі і адзін з 4 падвідаў барсукоў у фауне Расеі і Сярэдняй Азіі.
Кароткае апісанне. Даўжыня цела 65-85 см, хваста 12-18 см, маса дарослых самцоў да 12 кг. Самкі трохі меншыя. Восенню барсукі вельмі жырэюць і павялічваюць сваю масу ў 1,5-2 разы. Тулава масіўнае, прыземістае. Канечнасці кароткія, з моцнымі кіпцюрамі, прыстасаванымі да рыцця. Агульная афарбоўка буравата-шэрая, з дробнай чорнай рабізной. Морда белая, уздоўж галавы праз вочы праходзяць чорныя палосы.
Пашырэнне. Эўразія (Усходняя Эўропа, Каўказ, Казахстан, Сярэдняя Азія, паўночная частка Сібіры, Далёкі Ўсход). У Беларусі ў мінулым шматлікі від, за выключэннем асобных раёнаў Палесся [1, 2]. У цяперашні час у многіх раёнах рэдкі або зусім знік.
Месцы пражывання. Лясы, радзей хмызнякі на сухіх глебах з глыбокім заляганнем грунтовых вод, непадалёк ад адкрытай вады.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Звестак аб сучаснай агульнай колькасці няма. У 1981 г. налічвалася каля 2,8 тысяч асобін. Наглядаецца тэндэнцыя да зніжэння колькасці.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Незаконная здабыча і разбурэнне нор, інтэнсіўнае асваенне лясоў і змяненне тыповых месцаў пражывання, павелічэнне фактару неспакою, гібель ад драпежнікаў і бадзяжных сабак.
Асаблівасці біялогіі. Вядзе напаўпадземны спосаб жыцця. Дзень праводзіць у нары, выходзіць у прыцемках і ноччу. Жыве сем'ямі. Актыўны з красавіка па кастрычнік-лістапад. На зіму ўпадае ў спячку. Корміцца карэннем і цыбулінамі раслін, ягадамі, жалудамі, пладамі яблынь і груш, дажджавымі чарвямі, лічынкамі і дарослымі насякомымі, амфібіямі, мышападобнымі грызунамі, яйкамі і птушанятамі. Полавая спеласць у самак у 2, у самцоў - у 3 гады. Гон у сакавіку-красавіку і ў ліпені. Цяжарнасць з латэнтнай стадыяй, цягнецца 9-12 месяцаў. У сакавіку-красавіку нараджаецца 2-4 дзіцяняці [3, 4]. Працягласць жыцця 12-15 гадоў.
Развядзенне. Утрымліваюць у заапарках.
Прынятыя меры аховы. Паляванне на барсука ў Беларусі забаронена з 1978 г. [5]. У 1981 г. занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі [6].
Неабходныя меры аховы. Правядзенне ўліку колькасці і картаграфаванне пасяленняў, распрацоўка спецыяльных мер аховы, зніжэнне фактару неспакою, павышэнне адказнасці за незаконную здабычу.

Літ.: 1. Федюшин, 1929; 2. Сержанин, 1961; 3. Фауна Украины, 1968; 4. Соколов, 1979; 5. Положение, 1978; 6. Чырвоная кніга БССР, 1981.

П.Козла

Паведаміць пра недакладнасьць