Вялікі падворлік (Aquila clanga Pall., 1811)
Атрад Сокалападобныя (Falconiformes), сямейства Ястрабіныя (Accipitridae)

Статус. I катэгорыя. Рэдкі гнездавальны від. Колькасць скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік політыпічнага роду. Адзін з 5 відаў роду ў фауне ўсходняй Галарктыкі.
Кароткае апісанне. Буйны арол (даўжыня цела 65-75 см, маса 1,7-3,2 кг, размах крылаў 1,55-1,82 м) з аднатонным цёмна-бурым апярэннем. Патыліца і надхвосце некалькі святлейшыя. Маладыя птушкі з светлымі кроплепадобнымі плямамі на верхнім баку цела. Дзюба і кіпцюры чорныя. Васковіца і ногі жоўтыя. Цэўка апераная да пальцаў. Самкі буйнейшыя за самцоў.
Пашырэнне. Мяшаныя і лісцевыя лясы Эўразіі. Тэрыторыя Беларусі знаходзіцца ў перыферыйнай частцы арэала, дзе вялікі падворлік жыве сумесна з малым. Гнёзды і птушкі ў гнездавы перыяд адзначаны пераважна ў паўднёвай, усходняй [1-4] і паўночнай [5-7] частках краіны. У 1982-1983 гг. знойдзены на гнездаванні ў Салігорскім раёне [3]. У Паазер'і гнездаванне выяўлена ў Гарадоцкім (1962 г.) і Шумілінскім (1977, 1980-1987 гг.) раёнах [5, 6].
Месцы пражывання. Вялікія масівы сырых высакаствольных лісцевых і мяшаных лясоў, поймы рэк і азёр, лясныя балоты [1, 8]. Два гнязды знойдзены ў Шумілінскім раёне ў 1980 і 1981 гг. у моцна забалочаным бярозава-чорнаальховым лесе [6].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Агульная колькасць у Беларусі невядома. У 1916-1983 гг. знойдзены 6 гнёздаў - 2 на Палессі і 4 ва ўсходняй частцы Паазер'я [2, 5, 6]. У цяперашні час рэдкі і, магчыма, знікаючы від.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Змяненне ўмоў існавання пад уплывам гаспадарчай дзейнасці. Адстрэл і праследаванне драпежных птушак у мінулым. Прымяненне ядахімікатаў у лясной і сельскай гаспадарках.
Асаблівасці біялогіі. Прылятае ў першай палове красавіка. Манагам. Гнездавыя ўчасткі і гнёзды выкарыстоўвае многа гадоў запар. Гнёзды масіўныя, размяшчае іх на вышыні 12-17 м, часцей на лісцевых дрэвах. Кладка з 1-2 яек памерамі 68 x 54,4 мм у пачатку траўня. Наседжвае на працягу 42-44 сутак. Вылупленне птушанят у сярэдзіне чэрвеня. Птушаняты знаходзяцца ў гняздзе 8-9 тыдняў, вылятаюць у сярэдзіне жніўня. Корміцца мышападобнымі грызунамі, амфібіямі і рэптыліямі, птушкамі [6]. Адлёт на зімоўку ў верасні. Зімуе ў Паўднёвай Эўропе і Паўночнай Афрыцы [7].
Развядзенне. Утрымліваецца ў заапарках. Лёгка пераносіць няволю.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [8]. Здабыча ў Беларусі забаронена [9]. Асобныя гняздоўі ахоўваюцца ў запаведніках і заказніках.
Неабходныя меры аховы. Захаванне ўчасткаў старых сырых лісцевых лясоў з гнёздамі буйных драпежных птушак. Выяўленне, улік і строгая ахова гняздоўяў, стварэнне вакол іх зоны спакою з забаронай з 1 красавіка па 1 жніўня ўсякай гаспадарчай дзейнасці. Вывучэнне экалогіі, улік колькасці птушак і кантроль за станам папуляцыі. Прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Федюшин, Долбик, 1967; 2. Долбик, Дорофеев, 1979; 3. Самусенка Э., Самусенка І. (асаб. павед.); 4. Дзямянчык, Шокала (асаб. павед.); 5. Дорофеев, 1970; 6. Іваноўскі (асаб. павед.); 7. Дементьев, 1951; 8. По страницам Красной книги, 1987; 9. Положение, 1987.

А.Дарафеў

Паведаміць пра недакладнасьць