Пугач, або філін (Bubo bubo L., 1758)
Атрад Совападобныя (Strigiformes), сямейства Савіныя (Strigidae)

Статус. I катэгорыя. Нешматлікі аселы від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны прадстаўнік роду ў фауне Палеарктыкі.
Кароткае апісанне. Найбольш буйны прадстаўнік соў, маса каля 3 кг, даўжыня цела 60-75 см, размах крылаў 1,5-1,88 м. Спінны бок у асноўным бура-рыжаваты, брушны - светлы, жаўтавата-вохрысты, з буйнымі чорнымі падоўжнымі і тонкімі цёмнымі папярочнымі палоскамі.
Пашырэнне. Эўразія, Паўночная Афрыка. Уся тэрыторыя Беларусі знаходзіцца ў межах арэала віду. У мінулым філін быў звычайнай птушкай у старых і перастойных лясах. Цяпер часцей трапляецца ў лясах паўднёвай і паўночнай частак краіны. Пражыванне філіна ўстаноўлена для Камянецкага, Столінскага, Лунінецкага, Івацэвіцкага, Ляхавіцкага, Баранавіцкага, Лельчыцкага, Петрыкаўскага, Жыткавіцкага, Жлобінскага, Мазырскага, Бялыніцкага, Касцюковіцкага, Краснапольскага, Асіповіцкага, Салігорскага, Валожынскага, Наваградскага, Віцебскага, Верхнядзвінскага, Лепельскага, Расонскага, Сенненскага, Пастаўскага і Гарадоцкага раёнаў [1-3].
Месцы пражывання. Старыя дубравы, алешнікі і мяшаныя лясы, часта ўвільготненыя або забалочаныя.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Улік не праводзіўся. Мяркуючы па гнездавых участках, якія вызначаліся па шлюбных крыках птушак - «вухканні», у Беларусі гняздуецца не менш як 60 пар філінаў. Колькасць мае тэндэнцыю да скарачэння. У пачатку 20 ст. ў Белавежскай пушчы, а таксама на Піншчыне можна было пачуць шлюбныя крыкі адначасова да 3 птушак [4]. З 1930-х гадоў колькасць філіна пачала хутка змяньшацца: у Белавежскай пушчы з 1930 г. не выяўляўся, паўторна адзначаны толькі ў 1960 г. і пазней [5]; у Бярэзінскім запаведніку з 1957 г. не рэгістраваўся [6]; у Прыпяцкім запаведніку гняздуецца - гнёзды знойдзены ў 1972 і 1975 гг., у апошні час вызначана 6 месцаў пражывання [7].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка старых спелых і перастойных лясоў, узмацненне антрапагеннага прэса.
Асаблівасці біялогіі. Шлюбныя крыкі ў канцы лютага да сярэдзіны красавіка, вельмі рэдка пазней. У гэты час адзначаецца тры пікі актыўнасці: праз гадзіну пасля заходу сонца, апоўначы і на світанку [8]. Гнёзды размяшчаюцца каля камля дрэў на зямлі, на шырокіх пнях, укрытых парасткамі, на дашчатых насцілах для вулляў на дрэвах, у пакінутых гнёздах чорнага бусла і падворліка, вельмі рэдка ў дуплах старых вербаў [9]. У кладцы 2-3, радзей 4-5 белых яек памерамі 60 x 49,5 мм з шурпатай шкарлупінай. Свежыя і наседжаныя яйкі ў гнёздах у другой палове сакавіка - канцы траўня. Маладняк паяўляецца ў траўні [10]. У канцы траўня ў гнёздах трапляюцца апераныя птушаняты [11]. Сярод корму мясцовых філінаў знаходзяць рэшткі крыжанак і чыркоў, жаўтагорлай мышы, вадзяных пацукоў [11], а таксама драчоў [8].
Развядзенне. У Мастоўскім раёне працяглы час пугача трымалі ў хатніх умовах [12]. Жыве ў Гарадзенскім заапарку.
Прынятыя меры аховы. Здабыча пугача ў Беларусі забаронена [13].
Неабходныя меры аховы. Улік гняздоўяў птушак і іх ахова, забарона высечкі лесу і лесамеліярацыйных работ у месцах гнездавання пугачоў, прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Чырвоная кніга БССР, 1981; 2. Долбік, Дарафееў, Іваноўскі, Казулін, Ямінскі (асаб. павед.); 3. Самусенка, Грычык, Гардынец, Пацякоў, Лычкоўскі, Нягрэй (асаб. павед.); 4. Шнитников, 1913; 5. Дацкевич, 1971; 6. Долбик, Дорофеев, 1978; 7. Клакоцкі (асаб. павед.); 8. Дзямянчык (асаб. павед.); 9. Нягрэй (асаб. павед.); 10. Федюшин, Долбик, 1967; 11. Іваноўскі (асаб. павед.); 12. Сямашка, 1956; 13. Положение, 1978.

М.Долбік, Б.Ямінскі

Паведаміць пра недакладнасьць