Шылахвостка (Anas acuta L., 1758)
Атрад Гусепадобныя (Anseriformes), сямейства Качыныя (Anatidae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від. Яшчэ больш рэдкі па ўсёй тэрыторыі краіны на гнездаванні.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік політыпічнага роду, з якога ў фауне ўсходняй Галарктыкі 13 відаў [1]. У Беларусі, як і ў Заходняй Эўропе, гняздуецца рэдка невялікімі ізаляванымі калоніямі, таму набывае вялікае значэнне ў захаванні генафонду.
Кароткае апісанне. Качка сярэдніх памераў, даўжыня цела 63-70 см, маса да 1,3 кг. Вызначаецца доўгай шыяй і вострым, шылападобным хвастом, які добра прыкметны на значнай адлегласці. Даўжыня сярэдніх рулявых пёраў хваста каля 20 см. Самец у шлюбным убранні адметны цёмна-карычневай галавой, з бакоў выразныя падоўжныя белыя палосы. Спіна і бакі шэрыя з папярочным узорам. Люстэрка на крылах бронзава-зялёнае, бліскучае. Шыя спераду, грудзі і ніз цела белыя. Пёры на плячах падоўжаныя, з шаравата-белымі палоскамі. Ногі зеленаватыя, перапонкі чорныя. У самкі на галаве рыжыя пярэсцінкі. Люстэрка на крыле зеленавата-карычневае, без бляску. Цела зверху цёмна-бурае, знізу шараватае. Ногі зеленавата-шэрыя. Ад самкі крыжанкі самка шылахвосткі адрозніваецца меншымі памерамі, больш зграбным целам, доўгай вузкай сінявата-шэрай дзюбай і плямістым хвастом.
Пашырэнне. Як гнездавальны від птушка добра вядома на поўначы Эўропы, Азіі і Амерыкі. Паўночная мяжа яе пашырэння праходзіць вышэй, чым ва ўсіх другіх качак, і дасягае тундры. У Эўропе шылахвостка сустракаецца ад Паўночнага ледавітага акіяна да Каўказа, ёсць у краінах Прыбалтыкі, Галандыі, Бельгіі, Францыі, на большай частцы Вялікабрытаніі, Ірландыі і Ісландыі. Спарадычна і нерэгулярна птушка выўляецца на гнездаванні нават на поўдні Гішпаніі і ў Тунісе [1, 2]. У Беларусі шылахвостка гняздуецца штогод, але рэдка, часцей за ўсё адзначаецца ў час сезонных пералётаў. Месцы знаходак гнёздаў птушкі прымеркаваны да напрамку сезоннай міграцыі той часткі эўрапейскай папуляцыі, якая пралятае над тэрыторыяй Беларусі з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад. Гнездаванне даказана на балотах самай паўднёвай часткі Іванаўскага раёна (1917 г.) [3], у пойме Прыпяці каля Турава (1974, 1975 гг.) [4], штогод па некалькі гнёздаў выяўляюць каля вадаёмаў на балотах паблізу в. Навасёлкі ў Ляхавіцкім раёне [5], у 1982 г. гняздо знойдзена на воз. Езярышча, а ў 1983 г. на астравах воз. Ціёста Гарадоцкага раёна [5]. Вядомы іншыя выпадкі сустрэчы гэтай птушкі: здабыча самкі ў чэрвені 1926 г. ў Жыткавіцкім раёне [3] і ў чэрвені 1987 г. ў Веткаўскім раёне [5], адлоў некалькіх маладых шылахвостак у 1930 г. ў Аршанскім раёне і здабыча ў тым жа годзе 4 лётных маладых птушак на Свіслачы каля мястэчка Дукора ў Пухавіцкім раёне [3]. Гэтыя даныя, безумоўна, маюць цікавасць, хаця яшчэ і не з'яўляюцца доказам гнездавання шылахвостак у пазначаных месцах: маладым птушкам уласцівы вандраванні на адлегласць да 200 км і болей, прычым у напрамках, якія не абавязкова супадаюць з трасамі асенняга адлёту [5].
Месцы пражывання. Гняздуецца на рэдкалесных, часцей адкрытых лугавых учасках, тарфяных балотах, у поймах рэк. Вельмі важна наяўнасць паблізу невялікіх і неглыбокіх, парослых балотным разнатраўем вадаёмаў з адкрытымі берагамі - накшталт тундравых месцаў пражывання птушкі.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Сустракаецца ў сотні разоў радзей, чым крыжанка або чыркі [6]. Восенню групуецца з іншымі відамі качак, але заўсёды ў невялікай колькасці па некалькі пар, або невялікімі групамі. Толькі ў найбольш спрыяльных месцах збіраецца чародамі па некалькі дзесяткаў асобін. У 1961 г. за ўвесь час вясенняга пералёту на воз. Выганаўскае спыняліся прыблізна 1000 птушак [7]. Пачашчэнне выпадкаў сустрэч з птушкай, відаць, у большай меры тлумачыцца інтэнсіфікацыяй арніталагічных даследаванняў.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Спецыфіка запатрабаванняў віду да месцаў пражывання, якія чымсьці павінны быць падобны да тундравых; вузкая харчовая спецыялізацыя - у адрозненне ад крыжанкі і чыркоў шылахвостка ў большай ступені раслінаедная, корміцца на мелкаводдзі насеннем і каранямі водных раслін і рэдка насякомымі, малюскамі і ракападобнымі; надзвычайная асцярожнасць і пужлівасць птушкі і ў сувязі з гэтым высокая адчувальнасць да фактару неспакою.
Асаблівасці біялогіі. Птушка недаверлівая і дзікая, пазбягае зараснікаў трыснягу, дрэў і высокіх хмызнякоў, аддае перавагу адкрытым берагам і балотам з невысокай (да 20 см) расліннасцю, адкуль можа добра аглядаць наваколле і хутка злятаць на адкрытую ваду. Яйкі нясе ў красавіку-траўні. У кладцы 8-9 светлых жаўтавата-зеленаватых яек памерамі 53,6 x 37,1 мм. Гнёзды будуе на зямлі сярод нізкарослых кустоў, у вераску, лугавых ці балотных зарасніках каля вады, на купінах, даволі часта - на адкрытых месцах. Гняздо накшталт гнязда крыжанкі - невялікая ямка, слаба высланая раслінамі. Наседжванне на працягу 22-23 сутак. Птушаняты ныраюць горш, чым птушаняты іншых відаў качак, але растуць вельмі хутка, на крыло падымаюцца праз 6-7 тыдняў.
Развядзенне. Разам з іншымі відамі вадаплаўных разводзяць у заалагічных садах і парках многіх краін, асабліва ў сярэдняй і паўночнай Эўропе.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльна не ўводзіліся. Знаходзіцца пад аховай агульных правілаў забеспячэння спакою ва ўгоддзях у гнездавы перыяд, а таксама правілаў выкарыстання Дзяржаўнага паляўнічага фонду Рэспублікі Беларусь.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне месцаў шматгадовага групавога гнездавання, арганізацыя ў іх заказнікаў. Ашчаднае паляванне (шылахвостка прыкметна адрозніваецца ад іншых качыных і ў палёце і на вадзе), павышэнне паляўнічай культуры, увядзенне балавай сістэмы лімітаў на качынае паляванне да канца верасня.

Літ.: 1. Степанян, 1975; 2. Определитель птиц СССР, 1964; 3. Федюшин, Долбик, 1967; 4. Клакоцкі (асаб. павед.); 5. Вязовіч, Дарафееў (асаб. павед.); 6. Вязович, 1980; 7. Падутов, 1963; 8. Вязович, 1973.

Ю.Вязовіч

Паведаміць пра недакладнасьць