Чырвоны каршун (Milvus milvus L., 1758)
Атрад Сокалападобныя (Falconiformes), сямейства Ястрабіныя (Accipitridae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР. У Беларусі праходзіць усходняя мяжа арэала віду, якая ў апошні час перамяшчаецца ў заходнім напрамку [1, 2].
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік політыпічнага роду, які ў фауне Беларусі прадстаўлены 2 відамі.
Кароткае апісанне. Даўжыня цела 59-66 см, маса 1-1,3 кг, размах крылаў 1,75-1,95 м. Апярэнне чырванавата-рыжае. Выразка на хвасце больш глыбокая, чым у чорнага каршуна.
Пашырэнне. Па тэрыторыі Беларусі праходзіць усходняя мяжа арэала віду. У Беларусі ўпершыню адзначаны ў 1916 г. каля Слоніма [3]. У 1917 г. зарэгістраваны на гняздоўі ў Петрыкаўскім раёне і там жа ў 1928 г. выяўлены два пухавічкі. З 1947 г. гнёзды рэгістраваліся ў Белавежскай пушчы, дзе колькасць чырвонага каршуна была вышэй чым чорнага [3], аднак у 1956-1959 гг. там кожны год выяўлялася па аднаму гнязду [4]. З 1923 па 1958 гг. яго рэгістравалі, у тым ліку і здабывалі ў вярхоўях Пцічы, у Лагойскім раёне, а таксама ў Берасцейскай і Гарадзенскай абласцях на захад ад 29° усходняй даўгаты. За апошняе дзесяцігоддзе ўсходняя мяжа арэала віду перамясцілася на захад больш чым на 250 км, хаця ў 1985 г. каршуна назіралі ў Слуцкім раёне, недалёка ад былой мяжы яго арэала. Паведамляецца таксама аб яго пражыванні ў Палескім запаведніку (Украіна) непасрэдна каля мяжы з Беларуссю [1].
Месцы пражывання. Лісцевыя, мяшаныя і высакастволыя сасновыя лясы, якія перамяжоўваюцца з лугамі і палянамі. Да антрапагеннага ландшафту адаптуецца блага [1, 5].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У Белавежскай пушчы ў канцы 40-х - пачатку 50-х гадоў 20 стагоддзя кожны год жылі 2-4 пары [5], у канцы 50-х гадоў - 1 пара [4]. Цяпер на тэрыторыі краіны гняздуецца некалькі пар.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Пашырэнне антрапагенных ландшафтаў, змяненне прывычных гнездавых і кармавых біятопаў. Адзначаны выпадак знішчэння чырвонага каршуна ястрабам-цецяроўнікам [3], канкурэнцыя з чорным каршуном [6].
Асаблівасці біялогіі. Манагам з устойлівым гнездавым кансерватызмам, які пераважна гняздуецца на вышыні 10-30 м [1, 3, 5]. Прылятае ў канцы лютага - пачатку красавіка [3]. Размнажэнне пачынаецца на трэцім годзе жыцця [1]. Кладка з 1-4 яек наседжваецца 28-32 сутак [1-3]. У Беларусі адзначаны вывадкі з 2-3 птушанят. Корміцца пераважна грызунамі памерам да андатры, птушкамі (у асноўным вераб'інымі і маладняком цецеруковых), паўзунамі, земнаводнымі, мёртвай рыбай, іншай мярцвячынай [3, 5, 6]. Беларуская папуляцыя каршуна зімуе ў Заходняй [3], магчыма, таксама ў Цэнтральнай і Паўднёвай Эўропе [1].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Здабыча каршуна ў Беларусі забаронена з 1978 г. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы. Занесены ў Дадатак 2 «Канвенцыі аб міжнародным гандлі відамі дзікай фауны і флоры, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення».
Неабходныя меры аховы. Выяўленне новых месцаў пражывання, эфектыўная ахова месцаў пражывання і гнёздаў, асабліва з сакавіка па верасень. Прывабліванне птушак на гнездаванне ў Белавежскую пушчу, паляўнічыя гаспадаркі Берасцейскай і Гарадзенскай абласцей стварэннем штучных гняздоўяў.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Самусенко, 1979; 3. Федюшин, Долбик, 1967; 4. Голодушко, 1961; 5. Долбик, Дорофеев, 1978; 6. Галушин, 1980.

Э.Самусенка

Паведаміць пра недакладнасьць