Шэры журавель (Grus grus L., 1758)
Атрад Жураўлепадобныя (Gruiformes), сямейства Жураўліныя (Gruidae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі гнездавальны і нешматлікі пралётны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны ў Беларусі від з роду жураўлі.
Кароткае апісанне. Буйная птушка. Знешне напамінае белага бусла. Даўжыня цела да 120 см, маса цела да 7 кг, размах крылаў 220-245 см. Апярэнне шэрае, шыя ззаду і з бакоў белая, задняя частка цемені і патыліца голыя, чырвоныя, дзюба зеленавата-шэрая, ногі чорныя.
Пашырэнне. Эўразія. Гнездавы арэал займае большую частку лесатундравай, лясной і лесастэпавай зон Эўразіі і далёка выходзіць у стэпы і паўпустыні на сваёй паўднёвай мяжы ў Казахстане. Уся тэрыторыя Беларусі знаходзіцца ў межах арэала віду, вядомы на гнездаванні ў розных раёнах краіны [1].
Месцы пражывання. Вярховыя і нізінныя балоты, поймы рэк, вельмі рэдка сельскагаспадарчыя ўгоддзі. На вярховых балотах жыве 59,6% птушак, на нізінных - 31,1, у сельскагаспадарчых угоддзях - толькі 1,1% [2].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Нізкая, у 1958-1960 гг. у Лепельскім і Лагойскім раёнах адна гнездавальная пара прыходзілася на 900 га вярховых і 1500 га нізінных балот [3]. З пачатку 20 стагоддзя колькасць іх паступова зніжалася на Палессі і на тэрыторыі Гарадзенскай вобласці, дзе ў 50-я гады шэры журавель быў яшчэ звычайнай птушкай [1]. Зніжэнне колькасці адзначана ў Белавежскай пушчы, дзе ў 1960 г. гнездавалася 20, у 1969 г. не болей за 2-3 пары [4]. Вясной 1982 г. на тэрыторыі Беларусі зарэгістравана 399 пар жураўлёў, у т.л. ў Белавежскай пушчы 3, у Прыпяцкім запаведніку 12. На 1000 га балот у Беларусі прыходзіцца ў сярэднім 2,4 пары жураўлёў. Найменьшая колькасць жураўлёў у Гарадзенскай (0,3 пары), найбольшая - на балотах Гомельскай (5,8 пары) абласцей. Колькасць працягвае зніжацца [2].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Меліярацыя балот і неспакой ва ўгоддзях. Другараднымі адмоўнымі фактарамі з'яўляюцца выпас жывёлы, часам браканьерства, а таксама знішчэнне птушак чацвераногімі драпежнікамі. З драпежных птушак ворагам жураўля з'яўляецца беркут, у рацыёне якога жураўлі складаюць нязначную частку [5].
Асаблівасці біялогіі. Прылятае ў Беларусь часцей за ўсё ў сярэдзіне красавіка [самы ранні прылёт адзначаны 21 сакавіка [6], самы позні 27 красавіка]. У сярэдзіне красавіка адбываюцца шлюбныя гульні (жураўліныя танцы) і птушкі займаюць гнездавыя ўчасткі. У гэты час аб наяўнасці птушак у пэўнай мясцовасці можна меркаваць па далёка чутных трубных крыках жураўлёў. Гнёзды будуе на махавых купінах, на ўзвышэннях сярод трысняговых зараснікаў, на багнах [1], часам паблізу ад гнёздаў іншых буйных птушак, напрыклад змеяеда [7] і выкарыстоўвае па некалькі гадоў запар. Гнёзды - пляцоўкі дыяметрам 70-100 см, складзеныя з сухіх галінак сасны, бярозы, вольхі, вярбы, багуну, асакі, трыснягу, падвею. Вышыня гнязда 9-50 см, дыяметр латака каля 70 см. У кладцы 2-3 яйкі. У канцы ліпеня маладыя жураўлі ўжо лётаюць. У другой палове жніўня жураўлі мясцовай папуляцыі збіраюцца ў чароды ў пастаянных месцах адпачынку і кармлення. Да іх далучаюцца птушкі, якія гнездаваліся на сумежных тэрыторыях. Найбольшая канцэнтрацыя птушак (ад 40 да 100) у гэты час адзначана на балотах Васілевіцкага, Лунінецкага, Нараўлянскага і Чачэрскага раёнаў. У жніўні-верасні перададлётныя скопішчы птушак [500-700] адзначаны ў 1966, 1971, 1974 гг. на балоце Ельня і ў канцы 1974 г. ў наваколлях воз. Асвейскае ў Верхнядзвінскім раёне [8].
Развядзенне. Утрымліваецца ў заапарку Горадні.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [9]. Здабыча віду ў Беларусі забаронена [10].
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя пастаянных і часовых заказнікаў у месцах лакалізацыі жураўлёў на гнездаванне, выключэнне лесагаспадарчых работ у гнездавы перыяд, зніжэнне неспакою ва ўгоддзях, прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Федюшин, Долбик, 1967; 2. Долбик, 1985; 3. Дучиц, 1961; 4. Дацкевич, 1972; 5. Ивановский, 1987; 6. Долбик, 1974; 7. Іваноўскі (асаб. павед.); 8. Дорофеев, 1985; 9. Чырвоная кніга БССР, 1981; 10. Положение, 1987.

М.Долбік, А.Казулін

Паведаміць пра недакладнасьць