Шэрашчокая паганка (Podiceps grisegena Bodd., 1783)
Атрад Паганкападобныя (Podicipediformes), сямейства Паганкавыя (Podicipedidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі пералётны і пралётны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 6 відаў роду ў сусветнай фауне і адзін з 4 прадстаўнікоў роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Птушка сярэдніх памераў, даўжыня цела каля 42 см, маса 0,7-0,9 кг. У самцоў і самак верх галавы да ўзроўню вачэй чорны. На патыліцы невялікі чуб, найбольш прыкметны пры ўзбуджэнні птушкі. Шчокі і горла светла-шэрыя, шыя ржава-чырвоная. Верх цела цёмны, ніз - белы. У маладых птушак па баках шыі і галавы цёмныя і светлыя падоўжныя палосы. Дзюба вострая, тоўстая, з жоўтай асновай. Пальцы з лопасцевымі перапонкамі.
Пашырэнне. Тэрыторыя Беларусі цалкам уваходзіць у склад шырокага арэала віду, які займае заходнюю частку Паўночнай Амерыкі, значную частку Эўропы, Сярэдняй Азіі, Усходняй Сібіры і Далёкага Ўсходу. У Беларусі пашырана вельмі спарадычна. У розныя гады адзначалася на гнездаванні ў Пінскім, Мядзельскім, Браслаўскім [1], Берасцейскім [1-3], Шумілінскім, Верхнядзвінскім [4], Пастаўскім [5], Чэрвеньскім, Жыткавіцкім [6], Гарадзенскім [7], Кобрынскім раёнах і ў Белавежскай пушчы [8].
Месцы пражывання. У час міграцый прытрымліваецца буйных адкрытых азёр і вадасховішчаў. Гняздуецца на неглыбокіх стаячых вадаёмах, часцей за ўсё на невялікіх азёрах і рыбагадоўчых сажалках. Аддае перавагу ўчасткам з густой надводнай расліннасцю.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У большасці выпадкаў на гнездаванні адзначаецца адзінкавымі парамі, зрэдку на вадаёме пасяляецца 2-4 пары і толькі аднойчы паведамлялася аб пасяленні 10 пар [9]. Прыкметных змен колькасці не адбываецца.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Рэканструкцыя старых рыбагадоўчых сажалак у многіх гаспадарках краіны. На паспяховасці гнездавання адмоўна адбіваецца мноства крумкачовых птушак у поймавых зонах вадаёмаў.
Асаблівасці біялогіі. Прылятае ў другой палове красавіка. Да размнажэння здольна на другі год жыцця. Манагам. За год дае адзін вывадак. Гняздо плывучае, размяшчаецца сярод надводнай расліннасці або на яе краі. Кладка з 3-5, радзей 6 яек памерамі 51,2 x 34,2 мм у другой - трэцяй дэкадах траўня. Наседжванне 22-23 сутак. Птушаняты ў месячным узросце пачынаюць самастойна карміцца, а ў паўтарамесячным - лётаць. Корміцца рознымі воднымі беспазваночнымі і дробнай рыбай.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Здабыча птушак і разбурэнне гнёздаў у Беларусі забаронены [10]. Занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [11].
Неабходныя меры аховы. Выяўленне месцаў рэгулярнага гнездавання птушак і арганізацыя аховы найбольш населеных месцаў. Зніжэнне фактару неспакою ў гнездавы перыяд і негатыўнага ўздзеяння крумкачовых птушак.

Літ.: 1. Федюшин, Долбик, 1967; 2. Дзямянчык (асаб. павед.); 3. Шокала (асаб. павед.); 4. Бірукоў (асаб. павед.); 5. Грычык (асаб. павед.); 6. Казулін (асаб. павед.); 7. Гулеўскі (асаб. павед.); 8. Ракоўскі (асаб. павед.); 9. Вадковский, 1964; 10. Положение, 1987; 11. Чырвоная кніга БССР, 1981.

М.Нікіфараў

Паведаміць пра недакладнасьць