Чорны бусел (Ciconia nigra L., 1758)
Атрад Буслападобныя (Ciconiiformes), сямейства Бусліныя (Ciconidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога ў шэрагу раёнаў Беларусі стабілізавалася або ўзрасла. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 5 відаў роду ў сусветнай фауне, адзін з 3 відаў у фауне Палеарктыкі, у Беларусі жыве 2 віды роду.
Кароткае апісанне. Даўжыня цела да 100 см, маса да 3 кг. Спіна, галава і шыя чорныя, бруха і падхвосце белыя, дзюба і ногі чырвоныя.
Пашырэнне. Арэал віду займае лясную зону Эўразіі да шыраты Санкт-Пецярбурга, Томска, Алдана, лясныя раёны Пірэнеяў, Балкан, Каўказа, Сярэдняй Азіі і Блізкага Ўсходу. Уся тэрыторыя Беларусі знаходзіцца ў межах арэала. Часцей адзначаўся на Палессі, радзей - на поўначы і вельмі рэдка ў заходніх і ўсходніх раёнах Беларусі [2]. Часам лічыўся рэдкім і на поўначы краіны [3].
Месцы пражывання. У Віцебскай вобласці 48% гнёздаў чорнага бусла размяшчаліся ў старых забалочаных лясах з наяўнасцю ручаёў і рэчак, 16% - у мяшаных лясах па сухадолу, 12% - на мысах і астравах сярод балот, 10% - на астравах сярод нізкага забалочанага лесу і высечак, астатнія - у хваёвых барах і на асобных дрэвах сярод высечак і асушаных тарфянікаў [4]. На поўдні краіны месцы пражывання бусла ў асноўным звязаны з шыракалістымі лясамі [5].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У Белавежскай пушчы ў 1949 г. налічвалася 20 пар чорных буслоў, да 1956 г. колькасць іх знізілася да 11 пар [5]. У Прыпяцкім запаведніку ў 1972-1973 гг. налічвалася 16 гнёздаў, у Бярэзінскім запаведніку ў 1957 г. - 8, у 1971 г. - 8, у 1972 г. - 7 гнёздаў [6]. У 1977 г. ў выніку спецыяльнага ўліку ў Беларусі закарціравана 65 гнёздаў, у асноўным на Палессі [6]. У 1979 г. ў Віцебскай вобласці гнездавалася каля 50 пар [7]. Да 1982 г. ў Паазер'і агульная колькасць папуляцыі чорнага бусла склала 120-150 пар [4]. У 1983-1989 гг. там былі сабраны звесткі пра 31 гняздо [8-11]. Да 1985 г. ў 79 раёнах Беларусі была ўлічана 321 пара буслоў [9]. Да 1987 г. чорныя буслы (745 пар) жылі ў 101 раёне краіны: у Берасцейскай вобласці - 208 пар, Гомельскай - 197, Менскай - 137, Віцебскай - 64, Магілеўскай - 61, Гарадзенскай - 78 пар [10]. У пачатку 1989 г. колькасць папуляцыі дасягнула 1007 [11]. Рост колькасці чорнага бусла больш чым у 10 разоў за апошняе дзесяцігоддзе абумоўлены не толькі аховай віду, але і пэўнымі зменамі яго экалогіі і эталогіі. У выніку меліярацыі ў Беларусі працягласць невялікіх каналаў, якія з'яўляюцца кармавымі біятопамі чорнага бусла, дасягнула 136,4 тыс. км. Значна палепшылася кармавая база буслоў за кошт павелічэння колькасці рыбагадоўчых сажалак рыбагаспадарак і калгасаў. За 1945-1984 гг. лясістасць Беларусі павялічылася з 21,5 да 34,6% [12], пры гэтым вырасла ўдзельная вага спелых лясоў, якім буслы аддаюць перавагу пры гнездаванні [6]. Прыкметна паменшыўся страх бусла перад чалавекам, зараз ён часта трапляецца ў чародах сярод белых буслоў [9] у населеных пунктах або паблізу іх.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Знішчэнне яек і птушанят шэрымі варонамі [6], падзенне гнёздаў ад моцнага ветру, нападзенне на вывадкі мядзведзяў і іншых драпежнікаў, асобныя выпадкі высечкі гнездавальных дрэў [4].
Асаблівасці біялогіі. Прылятае ў пачатку красавіка. Гнёзды робіць у разгалінаваннях кроны. З 65 закарціраваных у 1977 г. гнёздаў 46 знаходзіліся на дубах [6]. У Віцебскай вобласці па 21% гнёздаў зроблены на соснах і вольхах [4]. Размяшчаюцца на вышыні 5-26 м [4]. Адзначаны выпадак гнездавання на капе сена [4]. У кладцы 3-5 яек [6]. Кладку наседжваюць абедзве птушкі 33-38 сутак. Маладыя пакідаюць гняздо 25-30 ліпеня [6]. Корміцца дробнай рыбай, земнаводнымі і беспазваночнымі, часам паўзунамі і птушкамі [5].
Развядзенне. У зоабатанічным садзе Менскага аўтазавода ўтрымліваўся малады чорны бусел з пашкоджаным крылом. Ён хутка паправіўся і стаў ручным [13].
Прынятыя меры аховы. Уключаны ў Дадатак 2 «Канвенцыі аб міжнародным гандлі відамі дзікай фауны і флоры, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення». Ахоўваецца ў Бярэзінскім і Прыпяцкім запаведніках, у Белавежскай пушчы, дзесятках заалагічных заказнікаў [1, 6]. У Віцебскай вобласці выдзелены ахоўныя зоны (радыус 250 м) вакол вядомых жылых гнёздаў [4]. Гэты вопыт аховы распаўсюджваецца і ў іншых абласцях.
Неабходныя меры аховы. Узмацненне аховы месцаў гнездавання чорнага бусла [6]. На перспектыўных для гнездавання тэрыторыях неабходна зберагаць асобныя дрэвы або іх групы як пры высечцы лесу, так і пры іншых відах гаспадарчай дзейнасці. Узмацніць папулярызацыю аховы віду і перыядычную рэгістрацыю яго колькасці ў краіне для прыняцця неадкладных мер аховы. Прывабліваць птушак на гнездаванне, будуючы на дрэвах аснову для гнязда [2, 14].

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Федюшин, Долбик, 1967; 3. Дорофеев, Сюборова, 1987; 4. Ивановский, 1983; 5. Крапивный, 1958; 6. Чырвоная кніга БССР, 1981; 7. Lebedeva, 1981; 8. Ивановский, 1990; 9. Самусенко, 1987; 10. Э. Самусенко, И. Самусенко, 1989; 11. Э. Самусенко, И. Самусенко, 1991; 12. Энцыклапедыя.., 1986; 13. Рэўзін (асаб. павед.); 14. Ивановский, Самусенко, 1990.

І.Самусенка

Паведаміць пра недакладнасьць