Каршачок (Falco subbuteo L., 1758)
Атрад Сокалападобныя (Falconiformes), сямейства Сакаліныя (Falconidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі гнездавальны від. Колькасць скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік політыпічнага роду. Адзін з 10 відаў роду ў фауне ўсходняй Галарктыкі і адзін з 5 - у фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Дробны сокал (даўжыня цела 29-35 см, маса 200-250 г) з доўгімі (24-30 см) крыламі, размах якіх 0,71-0,85 м, і адносна кароткім (12-14 см) хвастом. Самкі буйнейшыя за самцоў. Верх цёмна-буры з шызым напылам. Горла, грудзі і брушка светла-вохрыстыя з шырокімі падоўжнымі цёмнымі стракацінамі. Ад вуглоў рота ўніз ідуць шырокія чорныя «вусы». Ніз брушка, галёнкі і падхвосце ў самцоў каштанава-рыжыя, у самак вохрыстыя з бурымі плямамі. Рулявыя пёры з рыжавата-вохрыстымі папярочнымі плямамі на ўнутраных апахалах (пара ўнутраных рулявых аднаколерная). Лапы і колца вакол вачэй жоўтыя. Дзюба цёмна-рогавага колеру, кіпцюры чорныя. Радужына цёмна-бурая.
Пашырэнне. Лясная і лесастэпавая зоны, а таксама горныя лясы Эўразіі і Паўночнай Афрыкі. Тэрыторыя Беларусі ў межах гнездавога арэала [1, 2]. Гняздуецца ў Верхнядзвінскім, Расонскім, Шумілінскім, Бешанковіцкім, Віцебскім, Гарадоцкім раёнах [3-6] Віцебскай вобл., у Бярэзінскім запаведніку [7], Смалявіцкім, Вілейскім, Чэрвеньскім, Менскім, Мядзельскім, Стаўбцоўскім раёнах [8] Менскай вобласці, у Белавежскай пушчы [9-11], Берасцейскім і Івацэвіцкім раёнах [12-13] Берасцейскай вобласці, Хойніцкім, Жыткавіцкім і Брагінскім раёнах [2, 14] Гомельскай вобласці, у Прыпяцкім запаведніку [15]. У Гарадзенскай і Магілеўскай абласцях адзначаны птушкі з прыкметамі гнездавання [16, 17].
Месцы пражывання. Узлескі старых хвойных і мяшаных лясоў, парослыя высакаствольным лесам астравы, мысы і грывы сярод вярховых балот, старыя гаі, асабліва паблізу рачных поймаў і лугоў.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Колькасць невысокая, але спецыяльна не вызначалася. У апошнія дзесяцігоддзі на тэрыторыі Беларусі, Прыбалтыкі і Ленінградскай вобласці скарачаецца [2, 11, 18, 19]. Да 1960 г. ў Белавежскай пушчы штогод гняздзілася 8-9 пар, к 1970 г. - не больш за 9-11. У 1970-1987 гг. адзначана знікненне птушак у шэрагу месцаў былога пражывання ў Віцебскай вобласці [4].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Змяненне ўмоў гнездавання пад уплывам гаспадарчай дзейнасці. Скарачэнне плошчаў старых насаджэнняў. Строгая залежнасць гнездавання ад наяўнасці гнёздаў крумкача і шэрай вароны. Гібель кладак і птушанят у выніку падзення гнёздаў.
Асаблівасці біялогіі. Прылятае ў канцы красавіка - пачатку траўня. Гнездавыя ўчасткі і гнёзды выкарыстоўвае на працягу некалькіх гадоў. Гняздуецца ў гнёздах крумкачоў і шэрых варон на вышыні да 15-25 м. Манагам. Кладка з 3, радзей 2 або 4 яек памерамі 42,3 x 32,9 мм у канцы траўня - пачатку чэрвеня. Наседжванне каля 28 сутак. Вылупленне птушанят 4-20 ліпеня [3, 4, 7-9, 12]. Птушаняты пачынаюць лётаць ва ўзросце 5-6 тыдняў [4, 6, 12-15], пакідаюць гнёзды ў канцы ліпеня - пачатку жніўня. Адлёт і пралёт у жніўні-верасні. Корміцца пераважна дробнымі вераб'інымі птушкамі, а таксама стракозамі, жукамі і лятучымі мышамі [2, 9]. Зімуе ў Паўднёвай Афрыцы.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльна не прымаліся. Асобныя месцы пражывання ахоўваюцца ў запаведніках і заказніках.
Неабходныя меры аховы. Ахова прыдатных для гнездавання біятопаў і гнездавых дрэў. Вывучэнне экалогіі, улік колькасці, кантроль за станам папуляцыі. Прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Дементьев, 1951; 2. Федюшин, Долбик, 1967; 3. Дорофеев, 1970; 4. Дарафееў, Іваноўскі (асаб. павед.); 5. Ільінскі, Фяцісаў (асаб. павед.); 6. Кузьміч, Казулін (асаб. павед.); 7. Цішачкін, Бышнеў (асаб. павед.); 8. Шкляроў, Грычык, Кузьміч, Нікіфараў, Ямінскі, Парэйка (асаб. павед.); 9. Голодушко, 1960; 10. Дацкевич, 1971; 11. Дацкевич, Попенко, 1981; 12. Шокала, Гайдук (асаб. павед.); 13. Дзямянчык (асаб. павед.) 14. Нікіфараў, Казулін (асаб. павед.); 15. Клакоцкі (асаб. павед.); 16. Сямашка, 1956; 17. Дарафееў (асаб. павед.); 18. Птицы Латвии, 1983; 19. Мальчевский, Пукинский, 1983.

А.Дарафееў

Паведаміць пра недакладнасьць