Кулік-сарока (Haematopus ostralegus L., 1758)
Атрад Сеўцападобныя (Charadriiformes), сямейства Кулікі-сарокі (Haematopidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі спарадычна гнездавальны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. У сямействе вядомы 4 віды сусветнай фауны, з якіх ва ўсходняй Галарктыцы і ў Беларусі - 1.
Кароткае апісанне. Буйны кулік (даўжыня цела 37-42 см, маса каля 450 г) з доўгай (6,3-10,3 см), прамой, ярка-чырвонай дзюбай. Афарбоўка кантрастная: спінны бок і грудзі чорныя, ніз белы. Пад вокам белая плямінка. Самец і самка афарбаваны аднолькава, але ў самкі дзюба даўжэйшая, чым у самца. Зімой у птушак на чорным горле паяўляецца белая пляма або асобныя белыя пёры.
Пашырэнне. Узбярэжжы мораў і буйных кантынентальных вадаёмаў Эўразіі, Амерыкі і Аўстраліі [1-3]. У Беларусі гняздуецца на Прыпяці ад вусця Ясельды да Дняпра, у ніжнім цячэнні Дняпра (ад г. Лоева да в. Ніжнія Жары) і Сажа (ад Гомеля да Лоева) [1, 4, 6]; на Браслаўскіх азёрах - Снуды, Струста, Войса, Балойса, Поцех, Недрава, Дрывяты [7] і Вілейскім вадасховішчы [8, 9]. На пралёце зрэдку адзначаецца па Дняпру, Сажы, Заходняй Дзвіне і на буйных азёрах паўночнай часткі краіны [10, 11].
Месцы пражывання. Адкрытыя прыбярэжныя пясчаныя і пясчана-галечныя водмелі, косы і астравы буйных рэк і азёр з рэдкай травяністай расліннасцю або без яе [4-9]. У траўні 1989 г. 3 пары выяўлены на гняздоўі ў рэкрэацыйнай зоне г. Гомеля на правым беразе Сажа [6].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Агульная колькасць у Беларусі (1987) не менш за 150 пар. Асноўны сучасны ачаг пражывання - пойма Прыпяці і ніжняе цячэнне Дняпра. У чэрвені 1987 г. на ўчастку Пінск - Верасніца (138 км) улічана 4 пары, Верасніца - Мазыр (161 км) - 39 птушак (многія з вывадкамі), Мазыр - Юравічы (141 км) - 62 птушкі [5]. На Дняпры ад в. Ніжнія Жары да Лоева (111 км) адзначана 27 птушак, на Сажы ад Гомеля да Лоева - 9 [5]. Другі ачаг і верагодна больш малады - у Заходнім Паазер'і. На Браслаўскіх азёрах гняздуецца каля 30 пар [7]. На Вілейскім вадасховішчы не больш за 5 пар. За апошнія 10 гадоў колькасць у Прыпяцкім запаведніку і на Браслаўскіх азёрах узрасла ў некалькі разоў [1, 4, 7].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Рэзкае павышэнне ўзроўню вады і затапленне гнездавых біятопаў у выніку моцных дажджоў і летніх (травень-чэрвень) паводак. Выпас жывёлы. Фактар неспакою.
Асаблівасці біялогіі. Полавай спеласці дасягае ва ўзросце 2 гадоў. Прылятае ў другой палове красавіка. Гняздуецца невялікімі калоніямі і асобнымі парамі, часта ў калоніях чаек. Кладка з 3-4 пясочна- або глініста-жоўтых яек з плямамі памерамі 56,1 x 39,2 мм. Манагам. Наседжванне 24-27 сутак. Птушаняты з'яўляюцца ў апошнія дні траўня-чэрвені. Узнімаюцца на крыло ва ўзросце 34-35 сутак. Лётныя маладыя адзначаны ў другой палове ліпеня [5-9]. Вандраванне і адлёт пачынаюцца з сярэдзіны жніўня. Корміцца малюскамі, ракападобнымі, насякомымі і іх лічынкамі. Зімуе на Атлантычным узбярэжжы Паўночна-Заходняй Эўропы [12].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [2]. Здабыча віду ў Беларусі забаронена [13]. Месцы пражывання ахоўваюцца ў Прыпяцкім запаведніку і арніталагічным заказніку «Снуды» (Браслаўскі раён).
Неабходныя меры аховы. Стварэнне пастаянных і сезонных заказнікаў у месцах гнездавання. Забарона выпасу жывёлы і наведвання чалавекам месцаў гнездавання з 1 красавіка па 1 жніўня. Вывучэнне экалогіі, улік колькасці, кантроль за станам папуляцыі. Прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Долбик, 1985; 2. По страницам Красной книги, 1987; 3. Дорофеев, Сюборова, 1987; 4. Клакоцкі (асаб. павед.); 5. Зуёнак, Казулін, Нікіфараў, Ямінскі (асаб. павед.); 6. Кусянкоў, 1990; 7. Казлоў, Навумчык, Бірукоў (асаб. павед.); 8. Нікіфараў (асаб. павед.); 9. Шкляроў, Навумчык, Грычык (асаб. павед.); 10. Федюшин, Долбик, 1967; 11. Кусянкоў (асаб. павед.); 12. Бианки, Нэльс, 1985; 13. Положение, 1987.

А.Дарафееў

Паведаміць пра недакладнасьць