Даўгахвостая (уральская) няясыць (Strix uralensis Pall., 1771)
Атрад Совападобныя (Strigiformes), сямейства Савіныя (Strigidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі аселы від. Колькасць скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік політыпічнага роду, адзін з 3 відаў у фауне ўсходяй Галарктыкі і Беларусі.
Кароткае апісанне. Буйная сава (даўжыня цела 50-60 см, маса 680-980 г, размах крылаў 1,1-1,22 м) з доўгім (26-30 см) паласатым хвастом. Самкі буйнейшыя за самцоў. Апярэнне спіннога боку вохрыстае з густымі цёмнымі падоўжнымі стракацінамі, брушнога - белае з бурымі падоўжнымі плямамі. Тваравы дыск светла-шэры, з бакоў і знізу аблямаваны вузкай палосай з дробных серабрыста-белых пёрак. Першарадныя махавыя цёмна-бурыя з светлымі папярочнымі палоскамі. Дзюба жоўтая, радужына цёмна-карычневая, кіпцюры чорныя. Апярэнне ног белаватае або вохрыстае, даходзіць да кіпцюроў.
Пашырэнне. Зона хвойных лясоў таежнага тыпу Паўночнай Эўразіі. Паўднёвая мяжа гнездавога арэала ў Беларусі праходзіць па 54-й паралелі [1, 2]. У Паазер'і трапляецца паўсюдна ў тыповых біятопах. Звесткі аб сустрэчах птушак у гнездавы перыяд, знаходках гнёздаў (1984-1987 гг.) або здабычы птушак паступілі з Лагойскага (1928 г.), Лепельскага (1921, 1950, 1951, 1959, 1984-1987 гг.), Гарадоцкага (1963, 1964, 1978, 1982-1985 гг.), Віцебскага, Лёзненскага, Бешанковіцкага, Шумілінскага, Полацкага, Міёрскага, Расонскага і Верхнядзвінскага (1980-1987 гг.) раёнаў [3-10]. Для паўднёвай часткі краіны (Пінскі, Івацэвіцкі, Пухавіцкі раёны) знаходкі датуюцца раней 1927 г. [3, 10]. У Белавежскай пушчы не адзначана [11, 12]. Раней паказаная паўднёвая мяжа арэала па шыраце Пінск - Лунінец [13], як відаць па апошніх звестках, не адлюстроўвае сучаснае пашырэнне віду.
Месцы пражывання. Старыя вільготныя высакаствольныя яловыя і ялова-лісцевыя лясы, якія чаргуюцца з балотамі, высечкамі, гарамі і поймамі рэк. У Віцебскай вобласці гнёзды знойдзены ў бярэзніку з прымессю сасны і елкі, у прыспяваючым чарнічнікавым сасняку, астраўных ельніках і дубравах паблізу або сярод адкрытых балот. У пазагнездавы перыяд трапляецца ў аграландшафце і нават у населеных пунктах.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Колькасць невядома. Частыя знаходкі ў Паазер'і абумоўлены спецыяльнымі работамі па вывучэнню віду і выкарыстаннем акустычных метадаў [5, 7]. У 1986-1987 гг. у Бярэзінскім запаведніку выяўлена 20 гнездавых участкаў, з якіх 13 было занята [5, 14]. У 1984-1987 гг. 3 гнязды знойдзены ў Бярэзінскім запаведніку, 2 - у Докшыцкім і 1 у Бешанковіцкім раёнах [5]. Нягледзячы на значную лічбу знаходак у Паазер'і, наглядаецца агульная тэндэнцыя да зніжэння колькасці птушак у Беларусі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчае асваенне тэрыторый, высечка старых лясоў, пагаршэнне ўмоў гнездавання, скарачэнне колькасці мышападобных грызуноў. Фактар неспакою. У суровую шматснежную зіму 1981-1982 гг. адзначаны выпадкі гібелі птушак у капканах, ад знясілення, залёты ў населеныя пункты [7].
Асаблівасці біялогіі. Манагам. Гнездавыя ўчасткі пастаянныя на працягу многіх гадоў. Такаванне пачынаецца ў першыя дні сакавіка, найбольш актыўнае - у канцы сакавіка - першай палове красавіка [5]. Гняздуецца ў старых гнёздах драпежных птушак, вялікіх дуплах, зрэдку на зямлі. Гнёзды знойдзены ў старых гнёздах канюкоў, цецяроўніка, у дупле ліпы, у адкрытым зверху дупле дубовага пня, на вышыні 3,5-17 м. У Галубіцкай пушчы (Докшыцкі раён) 2 жылыя гнязды размяшчаліся на адлегласці 3,5 км адно ад другога [5]. Кладка з 2-4 яек памерамі 50,1 x 42 мм у красавіку. Наседжванне 28 сутак, пачынаючы з першага знесенага яйка. Птушаняты пакідаюць гняздо ў канцы траўня [5]. Лётны маладняк ў сярэдзіне ліпеня. Корміць птушанят самец. Дарослыя птушкі кормяцца мышападобнымі грызунамі, землярыйкамі, радзей птушкамі [15]. У паслягнездавы перыяд шырока вандруе.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Здабыча ў Беларусі забаронена [16]. Ахоўваецца ў запаведніках і заказніках. Занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [13].
Неабходныя меры аховы. Вывучэнне экалогіі, улік колькасці, выяўленне і ахова месцаў пражывання, захаванне старых лясных насаджэнняў. Прывабліванне птушак развешваннем штучных гняздоўяў. Прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Дементьев, 1951; 2. Степанян, 1975; 3. Федюшин, Долбик, 1967; 4. Долбик, 1959; 5. Цішачкін, Іваноўскі (асаб. павед.); 6. Дорофеев, 1970; 7. Дарафееў (асаб. павед.); 8. Іванюценка (асаб. павед.); 9. Ільінскі, Фяцісаў (асаб. павед.); 10. Шнитников, 1913; 11. Дацкевич, 1971; 12. Дацкевіч (асаб. павед.); 13. По страницам Красной книги, 1987; 14. Тишечкин, 1986; 15. Мальчевский, Пукинский, 1983; 16. Положение, 1987.

А.Дарафееў

Паведаміць пра недакладнасьць