Звычайны зімародак (Alcedo atthis L., 1758)
Атрад Ракшападобныя (Coraciiformes), сямейства Зімародкавыя (Alcedinidae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі гнездавальны від, колькасць якога скарачаецца [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны прадстаўнік роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Крыху большы за вераб'я. Даўжыня 18-19 см, маса 27-38 г. Галава вялікая, дзюба доўгая, прамая. Хвост кароткі. Апярэнне яркае: зверху блакітна-зялёнае, надхвосце («сядло») бліскуча-блакітнае, шырокая палоса ад дзюбы праз вока да патыліцы і горла - вохрыста-белаватая, ніз інтэнсіўна ржава-рыжы. Дзюба чорная, ногі чырвоныя.
Пашырэнне. Эўразія і Паўночная Афрыка. У Беларусі - па ўсёй тэрыторыі, але нераўнамерна. У гнездавы перыяд адзначаны на Прыпяці і яе прытоках (Белая, Піна, Лань, Гарынь, Пціч, Ясельда, Славечна), Заходняй Дзвіне і яе прытоках (Обаль, Усвяча, Дрыса, Ула, Уса, Лучоса, Лужасянка, Сар'янка, Ушача, Каспля), Нёмане і яго прытоках (Вілія, Бярэзіна, Іслач), Дняпры і яго прытоках (Сож, Бярэзіна), прытоках Заходняга Буга (Мухавец, Лясная), у азёрах Ціёста, Езярышча (Паазер'е), Сялява (Крупскі раён), Перасыпное (Мазырскі раён), на Сергучоўскім (Лепельскі раён) і Агінскім (Івацэвіцкі раён) каналах і г.д. [1-15]. У зімовы перыяд знойдзены на рэках: Ратамцы (Менскі раён), Беліцы (Бярэзінскі раён), Полаўне (Гарадоцкі раён), Чорнай Ганчы (Гарадзенскі раён), Лясной (Камянецкі раён), каналах і канавах Берасця і яго ваколіц [6, 9, 13, 16].
Месцы пражывання. Рэкі, старарэччы, значна радзей азёры, каналы з стромкімі і абрывістымі берагамі, парослымі дрэўна-хмызняковай і травяністай расліннасцю. У выпадку пастаяннага неспакою можа зменьваць відавы стэрэатып гнездавання. У 1976-1977 гг. пара зімародкаў паспяхова гняздзілася ў абрыве пясчана-гравійнага кар'ера ў бярозавым гаі на адлегласці 800-900 м ад рэчышча Нёмана каля в. Караліна ў Стаўбцоўскім раёне [10].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. За апошнія 20 гадоў колькасць у гнездавы перыяд на шэрагу рэк складала: Іслач (1967 г.) - 0,3 пары на кіламетр; Асцёр (1977 г., нізоўе) - 0,24; Сож (1977 г., ад вусця р. Асцёр да Слаўгарада) - 0,24, у нізоўі - 0,09; Бярэзіна (1983 г., басейн Дняпра, нізоўе) - 0,2; Славечна (1983 г.) - 0,18; Прыпяць (1984 г., нізоўе) - 0,25; Нёман (1984 г., вярхоўе, ад в. Нёман да вусця р. Сэрвіч) - 0,22 пары на кіламетр. Сярэдняя колькасць на ўчастках рэк з прыдатнымі гнездавымі ўмовамі - 0,25 пары на кіламетр. На аптымальных участках шчыльнасць гнездавання павялічваецца ў 11-15 разоў і гнездавыя норы размешчаны за 20 м адна ад другой [5]. У 1967-1970 гг. на ўчастку каля 3,5 км р. Іслач паміж в. Рудня і в. Яцкава-Млынава рэгулярна гняздзіліся 3 пары [10]. У сярэдзіне ліпеня 1974 г. на Прыпяці ад г.п. Тураў да вусця р. Убарць (каля 90 км) адзначана 11 пар [1].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Выпростванне рэк, знішчэнне па берагах дрэвава-хмызняковай расліннасці, разбурэнне гнёздаў, выпас жывёлы, забруджванне вадаёмаў пестыцыдамі, бытавымі і прамысловымі выкідамі, фактар неспакою.
Асаблівасці біялогіі. У месцах гнездавання з'яўляецца звычайна ў першай дэкадзе красавіка [3]. Манагам. Гнёзды ў глыбокіх норах. Гнездавы перыяд расцягнуты. Поўныя свежыя кладкі з 5-8 белых з бляскам яек памерамі 21,8 x 18,4 мм трапляюцца з сярэдзіны траўня да канца першай дэкады чэрвеня. Наседжваюць абедзве птушкі 19-21 суткі. Птушаняты вылятаюць у ліпені.
Развядзенне. Выпадкі ўтрымання ў няволі вельмі рэдкія. Узятыя з гнязда і выгадаваныя птушаняты прыручаюцца і мірна ўжываюцца з іншымі дробнымі птушкамі [17].
Прынятыя меры аховы. Спецыяльна не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Ахова месцаў гнездавання, прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Клакоцкі (асаб. павед.); 2. Долбик, 1959; 3. Федюшин, Долбик, 1967; 4. Федзюкоў (асаб. павед.); 5. Фоменков, Иванютенко, Прибыщук, 1985; 6. Дорофеев, 1970; 7. Дарафееў (асаб. павед.); 8. Пакалаў (асаб. павед.); 9. Гулеўскі (асаб. павед.); 10. Шкляроў (асаб. павед.); 11. Самофалов, 1985; 12. Дзямянчык (асаб. павед.); 13. Шокала (асаб. павед.); 14. Бурко (асаб. павед.); 15. Нягрэй (асаб. павед.); 16. Шкляров, 1961; 17. Благосклонов, 1960.

Л.Шкляроў

Паведаміць пра недакладнасьць