Белая блакітніца (Parus cyanus Pall., 1770)
Атрад Вераб'інападобныя (Passeriformes), сямейства Сініцавыя (Paridae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від з абмежаваным пашырэннем.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік політыпічнага роду, які аб'ядноўвае да 27-29 відаў, з якіх у Беларусі гняздуецца 7 відаў.
Кароткае апісанне. Дробная птушка, даўжыня цела 13-14 см, маса да 10-12 г. Полавы дымарфізм не выражаны. Афарбоўка спіны блакітна-шэрая, крылаў і хваста буравата-блакітная, ад дзюбы да вачэй праходзіць блакітная палоса. Ніз цела і галава белыя.
Пашырэнне. Цэнтральная Эўразія. Арэал прасціраецца вузкай палосай на ўсход да Прыамур'я і ўзбярэжжа Японскага мора, а на захадзе абмежаваны тэрыторыяй Беларусі. У краіне сустрэчы з птушкамі прымеркаваны, за рэдкім выключэннем, да тэрыторыі Палесся. У 1983 г. блакітніца адзначана ў садзе каля г. Паставы, у 1952 г. гнездаванне даказана для Лунінецкага [1], у 1964 г. - для Пінскага, у 1987 г. - для Лельчыцкага [2] раёнаў. На ўсход ад Пінска магчыма гняздуецца таксама ў іншых раёнах, паколькі ў гнездавы час трапілася 21 траўня 1987 г. ў хмызняковай пойме Прыпяці ў Жыткавіцкім раёне каля в. Хваенск [3] і 19 чэрвеня 1987 г. сярод вярбовых зараснікаў поймы каля в. Касцюковічы ў Мазырскім раёне [4]. У негняздовы час сустрэчы з птушкамі вядомы ў красавіку 1982 г. ў Столінскім раёне [3], у 1986-1987 гг. у лясах па р. Убарць у Лельчыцкім раёне [2], у лютым 1983 г. на ўскраіне Берасця.
Месцы пражывання. Старыя забалочаныя альшанікі з густой і высокай травяністай расліннасцю, дубравы з забалочанымі ўчасткамі вербнякоў.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Дакладна невядома. У асобных месцах пражывання на Палессі на кіламетравым маршруце адзначаецца ад 1 да 4 гнездавальных пар [3].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асваенне поймаў рэк і меліярацыя лісцевых забалочаных лясоў.
Асаблівасці біялогіі. У красавіку птушкі трапляюцца парамі і чародкамі з 5-7 асобін. Гняздуецца ў дуплах і шчылінах вольхаў і дубоў на вышыні 1,5-2,5 м. Будаўнічы матэрыял гнязда - мох, лазовы луб, поўсць. У кладцы 3 (магчыма больш) белых, са светла-карычневымі плямкамі [1] яек памерамі 16,5 x 12 мм. Выводзіць патомства, магчыма, 2 разы ў год, таму што 14 чэрвеня 1952 г. ў гняздзе знойдзена свежая кладка з 3 яек [5], а 16 чэрвеня 1987 г. ў гняздзе былі птушаняты [2]. Дарослыя птушкі кормяць птушанят жоўтымі вусенямі (від не вызначаны).
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Белая блакітніца занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [6]. З 1987 г. здабыча яе забаронена [7].
Неабходныя меры аховы. Выяўленне новых месцаў гнездавання, іх карціраванне і ахова, прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Федюшин, Долбик, 1967; 2. Амялюсік (асаб. павед.); 3. Нікіфараў, Казулін (асаб. павед.); 4. Ямінскі (асаб. павед.); 5. Долбик, 1959; 6. Чырвоная кніга БССР, 1981; 7. Положение, 1987.

М.Долбік, М.Нікіфараў

Паведаміць пра недакладнасьць