Чырванашыяя паганка (Podiceps auritus L., 1758)
Атрад Паганкападобныя (Podicipediformes), сямейства Паганкавыя (Podicipedidae)

Статус. IV катэгорыя. Вельмі рэдкі, адзінкава гнездавальны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 6 відаў роду, з якіх 4 прадстаўлены ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Адзін з дробных відаў паганак (даўжыня цела 32-35,6 см, маса 250-550 г). Самцы некалькі буйнейшыя за самак. Афарбаваны аднолькава. Галава і задняя частка шыі чорныя. На галаве чуб і «каўнер» з чорных бліскучых пёраў, а па баках за вачыма пучкі рыжых пёраў. Шыя, частка грудзей і бакі цела рыжыя. Верх цела чарнавата-буры, ніз - белы.
Пашырэнне. Эўразія і Паўночная Амерыка. У Беларусі ў 1960-х гг. птушкі адзначаны на гнездаванні на воз. Выганаўскае [1], у 1978 г. ў Берасцейскім раёне [2], у 1985 г. на сажалках рыбгаса «Волма» ў Чэрвеньскім раёне [3]. Сустрэчы птушак вядомы ў 1981 г. ў Камянецкім раёне [2] і ў 1985 г. ў Мядзельскім раёне. Усе іншыя назіранні паганак належаць да першай трэці 20 стагоддзя, за выключэннем сустрэч у 1940 і 1946 гг. [4].
Месцы пражывання. Невялікія і адносна мелкія вадаёмы, у першую чаргу азёры і старыя сажалкі, якія зарастаюць. Зрэдку трапляецца на старыцах рэк.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Дакладна невядома, але, відаць, вельмі малая.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Не даследаваны.
Асаблівасці біялогіі. Гняздуецца невялікімі групамі, часта на ўскрайках калоній чайкавых птушак. Могуць гняздзіцца і адзінкавыя пары. Гняздо тыповае для паганак - невялікае, плывучае. У кладцы 5-6 яек памерамі 44,1 x 30,6 мм. Наседжванне 22-25 сутак. Птушаняты становяцца самастойнымі ва ўзросце каля 1,5 месяца. Корміцца рознымі беспазваночнымі, радзей - дробнай рыбай.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльна не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Забарона здабычы птушак. Выяўленне і ахова месцаў гнездавання (увядзенне заказнога рэжыму для найбольш значных з іх). Прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Падутов, 1967; 2. Дзямянчык (асаб. павед.); 3. Казулін (асаб. павед.); 4. Федюшин, Долбик, 1967.

М.Нікіфараў

Паведаміць пра недакладнасьць