Кваква (Nycticorax nycticorax L., 1758)
Атрад Буслападобныя (Ciconiiformes), сямейства Чаплевыя (Ardeidae)

Статус. IV катэгорыя. Вельмі рэдкі, недастаткова вывучаны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны прадстаўнік роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Невялікая чапля. Даўжыня цела да 60 см, маса 500-700 г, размах крылаў 1,05-1,12 м. Адзін з найбольш прыгожых прадстаўнікоў атрада. Ад іншых чапляў адрозніваецца каржакаватым целаскладам і кароткай шыяй. Спіна і верх галавы чорныя, крылы шэрыя, надбрыўная палоса, лоб і брушка белыя. Дзюба чорная, вочы чырвоныя. Вясной на патыліцы ўтвараецца чубок з доўгіх пёраў.
Пашырэнне. Эўразія, Афрыка, Паўночная і Паўднёвая Амерыка. Ва ўсходняй Галарктыцы праз Беларускае Палессе, Ніжняе Паволжа і Казахстан праходзіць паўночная мяжа пашырэння. Раней у Беларусі лічылася залётным відам. Асобныя птушкі здабываліся ў пойме Прыпяці. Летам 1929 г. была здабыта ў Калінкавіцкім раёне [1], у 1950 г. - у Пружанскім раёне, у жніўні 1963 г. ў паўднёва-заходніх раёнах Палесся [1]. Да гнездавальных відаў аднесена на падставе рэгістрацыі вывадка з 4 птушанят летам 1976 г. ў Жыткавіцкім раёне, а таксама здабычы маладой самкі 28 жніўня 1976 г. і далейшых сустрэч рознаўзроставых птушак у Прыпяцкім запаведніку [2].
Месцы пражывання. Хмызнякі і зараснікі трыснягу ў поймах рэк. Зрэдку селіцца ў калоніях іншых відаў чапляў.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Невядомая.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Не вывучаліся. Верагодна, антрапагеннае ўздзеянне на месцы гнездавання.
Асаблівасці біялогіі. Тыпова начная птушка. Гняздуецца пераважна на дрэвах, пры іх адсутнасці - на кустах вярбы або на заломах трыснягу і іншай прыбярэжнай расліннасці. У кладцы 3-5 яек памерамі 49,2 x 35,5 мм. Корміцца рыбай, жабамі, воднымі і наземнымі насякомымі, мышападобнымі грызунамі. Кваквы, якія жывуць у Эўропе, - пералётныя. Зімуюць у экватарыяльнай Афрыцы.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Прыпяцкім запаведніку і на іншых ахоўных тэрыторыях. Спецыяльныя меры не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне месцаў гнездавання і іх ахова. Абмежаванне адстрэлу рыбаедных птушак у рыбгасах. Прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Федюшин, Долбик, 1967; 2. Клакоцкі (асаб. павед.).

Э.Самусенка, М.Долбік

Паведаміць пра недакладнасьць