Рыжая чапля (Ardea purpurea L., 1766)
Атрад Буслападобныя (Ciconiiformes), сямейства Чаплевыя (Ardeidae)

Статус. IV катэгорыя. Рэдкі залётны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 2 прадстаўнікоў роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Даўжыня цела да 80 см, маса да 1,25 кг, размах крылаў 1,2-1,5 м. Верх галавы, чубок, палоскі і плямы на шыі чорныя, спіна шэра-бурая, крылы шараватыя з чорнымі канцамі, галава, шыя і грудзі рыжыя, дзюба і ногі жаўтавата-бурыя.
Пашырэнне. У Палеарктыцы паўночная мяжа арэала праходзіць па Ўкраінскім Палессі, дзе гняздоўе адзначана дакладна [1]. У Беларусі залёты рэгістраваліся да шыраты Горадні і Слуцка, у Беларускім Палессі, магчыма, гняздуецца [1, 2].
Месцы пражывання. У межах гнездавога арэала рыжыя чаплі жывуць калоніямі або асобнымі парамі ў прыбярэжных трысняговых, чаротавых зарасніках, хмызняках вадаёмаў, якія знаходзяцца на адкрытых прасторах. У Беларусі чаплі трапляюцца на азёрах Белае ў Жыткавіцкім і Выганаўскае ў Івацэвіцкім раёнах [1, 3].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Аб пашырэнні рыжай чаплі ў Беларусі няраз паведамлялася ў сярэдзіне і канцы 19 ст. і пачатку 20 ст. [3]. У 40-50-я гг. 20 стагоддзя колькасць паведамленняў аб залётах яе ў Беларусь скарацілася [3]. З 1960 г. яна рэгулярна паяўлялася на сажалках Беларускага Палесся ў восень [4]. У апошнія дзесяцігоддзі колькасць залётаў узрастае на фоне агульнага пашырэння мяжы арэала віду на поўнач [5].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Шырокамаштабнае асушэнне балот, якое пачалося ў Беларусі ў другой палове 19 ст., скарачэнне плошчаў прыбярэжных зараснікаў, фактар неспакою.
Асаблівасці біялогіі. Манагамны від, які гняздуецца сярод прыбярэжных зараснікаў, дзе будуе конусападобныя гнёзды на заломах трыснягу або іншых раслін. Можа гнездавацца і на дрэвах на невялікай вышыні [6]. У кладцы 3-5, часам да 8 яек памерамі 55,2 x 40,3 мм. У паўночныя раёны гнездавога арэала прылятае ў першай палове красавіка, часам пазней. Тэрміны кладак і вывядзення птушанят вельмі расцягнуты [6]. Наседжвае пераважна самка на працягу 24-28 сутак. Корміцца дробнай рыбай, земнаводнымі, паўзунамі, воднымі і наземнымі насякомымі, грызунамі. Здабычу падпільноўвае, стоячы ў вадзе, але корміцца таксама і ў сельгасугоддзях. Сярэднеэўрапейская папуляцыя рыжай чаплі адлятае ў вырай на паўднёвы ўскрай Эўропы або ў Афрыку ў верасні-кастрычніку [6].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльныя меры не прымаліся, аднак Палажэннем аб паляўніцтве і паляўнічай гаспадарцы Беларусі (1978 г.) ахоўваюцца біятопы, характэрныя для рыжай чаплі.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне новых месцаў пражывання, ахова прыбярэжных зараснікаў і іншых тыповых біятопаў чаплі, ахова калоній шэрай чаплі, з якімі рыжая ўтварае мяшаныя калоніі. Запаведанне месцаў пражывання прыбярэжных каланіяльных птушак.

Літ.: 1. Долбик, Дорофеев, 1978; 2. Самусенко, 1986; 3. Федюшин, Долбик, 1967; 4. Вадкоўскі, 1964; 5. Ачкасова, Сарычев, 1981; 6. Жизнь животных. Т. 6, 1986.

Э.Самусенка

Паведаміць пра недакладнасьць