Атрад Гусепадобныя (Anseriformes), сямейства Качыныя (Anatidae)
Статус. IV катэгорыя. Нерэгулярна гнездавальны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 7 відаў роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Качка крыху буйнейшая за чырка. Даўжыня цела 44-49 см, маса да 900 г. Самца лёгка пазнаць па светла-каштанавай галаве з белаватым цемям. Спінны бок шэры, з тонкімі папярочнымі струменістымі палоскамі. Валляк ружавата-карычневы. Самка шаравата-бурая; галава, шыя, грудзі і бакі рыжаватыя. Дзюба прыкметна меншая, чым у іншых качак. У палёце добра адрозніваецца характэрным посвістам.
Пашырэнне. Паўночная Эўразія. Ад Кольскага паўвострава да Камчаткі. Тэрыторыя Беларусі знаходзіцца па-за межамі асноўнага арэала. У час міграцый больш шматлікая ў паўночна-заходняй частцы краіны. Даволі часта адзінкавыя асобіны і чародкі трапляюцца летам [1-4]. Гнездаванне даказана па знаходцы гнязда ў чэрвені 1964 г. на возеры Тонай і сустрэчы вывадка ў пачатку ліпеня 1967 г. на воз. Малое Струнава ў раёне Гарадоцкага ўзвышша [5].
Месцы пражывання. Буйныя, зарастаючыя вадаёмы з вялікімі ўчасткамі адкрытай вады, невялікія лясныя азёры, вялікія вокны адкрытай вады сярод балот. Гняздуецца на сырых поймавых лугах, зрэдку ў лесе, на значнай адлегласці ад вадаёма.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У Беларусі па прыблізных падліках у летні перыяд трымаецца каля 100 птушак, якія не размнажаюцца.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Малая колькасць у Беларусі абумоўлена аддаленасцю гнездавога арэала ад тэрыторыі краіны.
Асаблівасці біялогіі. Вясной першыя пралётныя чародкі птушак з'яўляюцца ў першай дэкадзе красавіка. Пралёт ідзе даволі інтэнсіўна і заканчваецца ў канцы красавіка. Ляцяць свіязі шчыльнымі чародамі і ў асноўным ноччу. Асенні пралёт у паўднёва-заходнім напрамку з верасня да сярэдзіны кастрычніка. Сустрэчы адзінкавых асобін і чародак птушак на шляхах пралёту ў гнездавы перыяд сведчаць аб тым, што частка птушак, верагодна маладых, не прымае ўдзелу ў размнажэнні. Такія затрымкі птушак на поўдзень ад асноўнага арэала могуць прыводзіць да выпадковага гнездавання асобных пар у гэтых раёнах. Гнёзды будуюць на сухім месцы і заўсёды добра маскіруюць. У канцы кладкі ў гняздзе з'яўляецца даволі многа шэра-попельнага пуху. Кладка з 7-10 яек памерамі 54,6 x 38,8 мм у траўні. Корміцца пераважна воднай расліннасцю, а таксама малюскамі і насякомымі.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльна не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Забарона здабычы віду. У сувязі з тым, што гнездаванне ў Беларусі носіць выпадковы характар, іншыя меры аховы не патрабуюцца.
Літ.: 1. Казулін (асаб. павед.); 2. Ямінскі (асаб. павед.); 3. Вязовіч (асаб. павед.); 4. Іваноўскі (асаб. павед.); 5. Дорофеев, 1970.
А.Казулін