Стэпавы мышалоў (Circus macrourus Gm., 1771)
Атрад Сокалападобныя (Falconiformes), сямейства Ястрабіныя (Accipitridae)

Статус. IV катэгорыя. Вельмі рэдкі гнездавальны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік політыпічнага роду. Адзін з 5 відаў роду ў фауне ўсходняй Галарктыкі і адзін з 4 - у фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Зграбная птушка, даўжыня цела 45-52 см, маса 250-450 г, размах крылаў 0,99-1,17 м. Самцы меншыя за самак і больш светлыя. Спіна шыза-шэрая, брушны бок белы з шызаватым напылам на валляку. Надхвосце белае, канцы крылаў чорныя. Самка зверху вохрыста-бурая, знізу бураватая з цёмнымі падоўжнымі стракацінамі.
Пашырэнне. Стэпы, лесастэпы і паўпустыні Ўсходняй Эўропы і Паўночнай Азіі. Гнездавы арэал віду ў Беларусі ляжыць на поўдзень ад 53-й паралелі і займае нізоўі Дняпра, Сажа, Бярэзіны, басейн Прыпяці і Заходняе Палессе [1-4]. У гнездавы час адзначаны ў Гомельскім, Рэчыцкім, Брагінскім, Мазырскім, Петрыкаўскім, Пінскім (1914-1925 гг.) і Камянецкім (1947, 1971-1986 гг.) раёнах [4-6]. На поўнач ад вызначанай мяжы пашырэння птушкі, якія былі адзначаны ўлетку, могуць лічыцца як залётныя [7-10], таму што няма дакладных доказаў іх гнездавання.
Месцы пражывання. Вялізныя раўніны, сухія астэпаваныя лугі, якія перамяжоўваюцца з рачнымі далінамі і балотамі [1, 3].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У Беларусі невядома. Мяркуючы па частаце сустрэч у першай чвэрці 20 ст. на поўдні Беларусі - звычайны від [4, 5]. Пачатае ў 1930-я гг. скарачэнне колькасці ўсходнеэўрапейскай папуляцыі каля паўночнай мяжы арэала на тэрыторыі краіны набыло характар глыбокай дэпрэсіі. За апошнія гады (1971-1986) ёсць звесткі аб больш-менш рэгулярных сустрэчах птушак толькі ў Камянецкім раёне [6].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Інтэнсіўнае гаспадарчае асваенне стэпавых ландшафтаў [3]. Шырокія меліярацыйна-асушальныя работы на Беларускім і Ўкраінскім Палессі [11, 12]. Стэнабіёнтнасць. Выкарыстанне ядахімікатаў у сельскай гаспадарцы. Фактар неспакою. Знішчэнне птушак.
Асаблівасці біялогіі. Прылятае ў канцы красавіка. Манагам. Гняздо на глебе або купіне ў выглядзе неглыбокай ямінкі з параўнальна невялікай высцілкай. Пачатак кладкі ў сярэдзіне траўня. У кладцы ад 3 да 6 яек, звычайна 4-5 памерамі 44,9 x 34,8 мм. Наседжвае самка 28-30 сутак. Маладыя пакідаюць гняздо ва ўзросце каля 40 сутак [1, 3, 12]. Корміцца мышападобнымі грызунамі, радзей дробнымі вераб'інымі птушкамі, яшчаркамі, насякомымі [3, 4]. Адлятае на зімоўку ў другой палове жніўня - першай палове верасня [3, 11]. Зімуе на Балканскім паўвостраве, у Малой Азіі, на паўночным усходзе Афрыкі [13].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. У Беларусі здабыча віду забаронена [14]. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [12].
Неабходныя меры аховы. Выяўленне, улік і ахова гнездавых участкаў. Стварэнне комплексных заказнікаў. Вывучэнне экалогіі. Прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Дементьев, 1951; 2. Иванов, 1976; 3. Зубаровський, 1977; 4. Долбик, 1959; 5. Федюшин, Долбик, 1967; 6. Гайдук (асаб. павед.); 7. Птицы Латвии, 1983; 8. Мальчевский, Пукинский, 1983; 9. Птушенко, Иноземцев, 1968; 10. Граве, 1954; 11. Долбик, Дорофеев, 1978; 12. По страницам Красной книги, 1987; 13. Михельсон, 1982; 14. Положение, 1987.

А.Дарафееў

Паведаміць пра недакладнасьць