Паручайнік (Tringa stagnatilis Bechs., 1803)
Атрад Сеўцападобныя (Charadriiformes), сямейства Бакасавыя (Scolopacidae)

Статус. IV катэгорыя. Магчыма, гнездавальны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 6 відаў роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Невялікі, памерам з дразда, кулік. Даўжыня цела да 23 см, маса 55-85 г. Апярэнне спіны і покрыўныя пёры крыла буравата-шэрыя з цёмнымі плямамі. Брушны бок белы, з цёмнымі дробнымі плямамі на валляку і грудзях, і папярочнымі стракацінамі на баках. Хвост з папярочнымі цёмнымі палосамі. Дзюба тонкая, чорная, ногі зеленавата-бурыя.
Пашырэнне. Эўразія. Пашыраны ў лясной і лесастэпавай зонах ад Украіны да Навасібірска. У Беларусі здабыта самка ў гнездавы перыяд у сумежных з Чарнігаўскай вобласцю раёнах [1]. У апошнія гады паручайнікі адзначаны ў гнездавы перыяд і на міграцыі ў наваколлях Менска [2] і Берасця [3]. Такія залёты птушак можна было б лічыць выпадковымі, аднак зрэдку яны прыводзяць да паспяховага гнездавання і па-за межамі асноўнага арэала, што наглядаецца ў Прыбалтыцы і пад Санкт-Пецярбургам [4].
Месцы пражывання. Забалочаныя, з купінамі і травяністыя берагі азёр і рачных заліваў, поплавы і балоты.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Па ўскраінах гнездавога арэала рэдкі, у цэнтры - звычайны. Адзначаецца тэндэнцыя да скарачэння колькасці.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Скарачэнне плошчаў забалочаных тэрыторый і асушэнне рачных поймаў.
Асаблівасці біялогіі. Часта гняздуецца ў мяшаных калоніях сумесна з кнігаўкамі, траўнікамі, крачкамі, радзей асобна. Гнёзды размяшчае на купінах або на адонках і асеўшых копах. Кладка ў траўні з 4 крэмавых ці жаўтаватых з буйнымі чырвона-бурымі плямамі яек. Корміцца ў асноўным воднымі беспазваночнымі, якіх здабывае ў тоўшчы вады, радзей на дне.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльна не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне месцаў гнездавання і іх ахова, вывучэнне біялогіі, прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Кірыкаў, 1929; 2. Ямінскі (асаб. павед.); 3. Шокала (асаб. павед.); 4. Мальчевский, Пукинский, 1983.

А.Казулін

Паведаміць пра недакладнасьць