Гаршнеп (Lymnocryptes minimus Brun., 1764)
Атрад Сеўцападобныя (Charadriiformes), сямейства Бакасавыя (Scolopacidae)

Статус. IV катэгорыя. Вельмі рэдкі гнездавальны від. Колькасць скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны прадстаўнік роду ў сусветнай фауне.
Кароткае апісанне. Дробны кулік, даўжыня цела каля 20 см, маса 60-70 г, з прамой дзюбай і кароткімі нагамі. Самцы і самкі афарбаваны аднолькава. Спіна карычнявата-бурая з зеленаватым металічным адлівам і вохрыстымі падоўжнымі палоскамі па баках. Патыліца з падоўжнай чорна-бурай палосай з вохрыстай аблямоўкай. Над вокам светлае брыво. На грудзях і валляку невыразныя бурыя падоўжныя стракаціны. Дзюба чорная, ногі жаўтавата-бурыя.
Пашырэнне. Балоты тундры, лесатундры і поўначы лясной зоны Эўразіі. Па Беларусі праходзіць паўднёвая мяжа гнездавога арэала [1-3]. 20 чэрвеня 1924 г. вывадак адзначаны ў Віцебскім раёне [3]; 27 чэрвеня 1980 г. на абводненым участку пераходнага балота (гідралагічны заказнік «Ельня», Міёрскі раён) знойдзена поўная наседжаная кладка, а 26 чэрвеня 1982 г. - толькі што пакінутае птушанятамі гняздо з рэшткамі шкарлупін [4]. У пачатку чэрвеня 1981 г. адзначаны ў такавым палёце ў наваколлі в. Зубраўка Шчучынскага раёна [5]. У 1980-1982 гг. рэгулярна назіраўся ў Слуцкім раёне, дзе адзначаны птушаняты [6]. У траўні 1982 г. адзначаны на забалочаных лугах у пойме р. Пліса (Смалявіцкі раён) і Заходняй Бярэзіны ў Валожынскім раёне [7]. Па ўсёй тэрыторыі краіны трапляецца на пралёце (восенню часцей, чым вясной).
Месцы пражывання. Адкрытыя травяністыя нізінныя і пераходныя, радзей вярховыя балоты з гразевымі агаленнямі. У паслягнездавы час - берагі рэк і азёр. Асноўныя сучасныя ачагі пражывання - вялізныя забалочаныя масівы паўночнай часткі краіны.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У Беларусі не вызначалася, але наглядаецца тэндэнцыя да скарачэння.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Змяншэнне плошчаў гнездавых біятопаў у выніку меліярацыі. Стэнатопнасць віду. Змяненне экалагічных умоў у месцах зімоўкі.
Асаблівасці біялогіі. Прылятае ў другой (Палессе) і трэцяй (Паазер'е) дэкадах красавіка. Такаванне ў траўні - першай дэкадзе чэрвеня. Вельмі скрытная маларухомая птушка. Кладка з 3-4 яек памерамі 38,1 x 27,5 мм у першай палове чэрвеня. Птушаняты пакідаюць гняздо ў трэцяй дэкадзе чэрвеня. Гняздо - ямка, акуратна высланая травой. Адлёт і пралёт - у другой палове верасня-кастрычніку. Зрэдку зімуе [3, 4, 9].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльна не прымаліся. Шэраг месцаў пражывання ахоўваецца ў запаведніках і заказніках.
Неабходныя меры аховы. Забарона здабычы. Вывучэнне экалогіі, улік колькасці, кантроль за станам папуляцыі. Стварэнне абсалютна запаведнага рэжыму ў гідралагічным заказніку «Ельня». Прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Гладков, 1951; 2. Иванов, 1976; 3. Федюшин, Долбик, 1967; 4. Казлоў, Дарафееў (асаб. павед.); 5. Гулеўскі (асаб. павед.); 6. Юрочка (асаб. павед.); 7. Нікіфараў, Зуёнак (асаб. павед.); 8. Клакоцкі (асаб. павед.).

А.Дарафееў

Паведаміць пра недакладнасьць