Чарналобы саракуш (Lanius minor Gm., 1788)
Атрад Вераб'інападобныя (Passeriformes), сямейства Саракушавыя (Laniidae)

Статус. IV катэгорыя. Вельмі рэдкі від, колькасць якога, мабыць, скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з прадстаўнікоў багата пашыранага і шматлікага сямейства.
Кароткае апісанне. Дробная птушка, даўжыня цела каля 19 см, маса 47-53 г. Спінны бок шэры, брушны - белы з ружова-палевым адценнем, крылы чорныя з белым «люстэрачкам», лоб і пярэдняя частка цемені чорныя.
Пашырэнне. Эўразія. Арэал ахоплівае поўдзень Эўропы і Заходняй Сібіры, даходзіць на ўсход да захаду Алтая і Казахстана, на поўначы да Латвіі, Маскоўскай вобласці, Башкірыі. У Беларусі рэгулярна трапляўся на поўдні, на астатняй яе частцы - крайне спарадычна і не вышэй шыраты Лепеля і Свіры [1, 2]. У апошні час у цэнтральнай і паўночнай частках краіны практычна не адзначаўся, сустрэчы ў гняздовы час у паўднёвых раёнах адзінкавыя [3-5]. Гнездавыя групоўкі зарэгістраваны ў Хойніцкім і Столінскім раёнах у 1988-1989 гг. [6].
Месцы пражывання. Пераважна культурны мазаічны ландшафт: прыдарожныя насаджэнні, палі, лугі, пусткі з групамі ці адзінкавымі дрэвамі, рэдкалессі і ўзлескі, ускраіны населеных пунктаў, лесанасаджэнні, пакінутыя землі з садамі, алеямі і асобнымі пабудовамі.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Дакладных звестак няма. Саракуш стаў надзвычай рэдкі або ўвогуле не трапляецца ў месцах, дзе ў 1950-60-х гг. быў звычайны.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Магчыма, флуктуацыі колькасці, а таксама яе невысокі ўзровень абумоўлены пражываннем віду каля паўночнай мяжы пашырэння.
Асаблівасці біялогіі. Ва ўмовах Беларусі вывучана недастаткова. Манагам. Гняздуецца адзіночнымі парамі. Гнёзды робіць у густых кронах лісцевых, радзей хвойных дрэў на вышыні ад 3 да 10 м. Гняздо даволі масіўнае, у яго сценкі заўсёды ўплятае зялёныя суквецці араматычных траў. Адкладка яек у канцы траўня-чэрвені. У кладцы 4-6 яек памерамі 24,8 x 18,1 мм. Наседжванне працягваецца 15-16 сутак. Пералётны від. Корміцца насякомымі, пераважна жукамі [1].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Вывучэнне стану і экалогіі віду на тэрыторыі краіны, зберажэнне мазаічнага лесастэпавага антрапагеннага ландшафту на поўдні рэгіёна.

Літ.: 1. Федюшин, Долбик, 1967; 2. Шкляроў (асаб. павед.); 3. Кузьміч (асаб. павед.); 4. Пісаненка (асаб. павед.); 5. Рубін (асаб. павед.); 6. Ямінскі, Казулін (асаб. павед.).

Б.Ямінскі

Паведаміць пра недакладнасьць