Атрад Вераб'інападобныя (Passeriformes), сямейства Валасянкавыя (Silviidae)
Статус. IV катэгорыя. Рэдкі від, біялогія і экалогія якога вывучана недастаткова.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік політыпічнага роду. Адзін з 6 відаў роду ў фауне Беларусі.
Кароткае апісанне. Птушка, драбнейшая за вераб'я. Даўжыня цела да 13 см, маса 11-12 г. Апярэнне спіны аліўкава-шэрае з цёмнымі плямамі і рыжым налётам, які ўзмацняецца да хваста. Надхвосце жаўтаватае з бурымі плямамі. Брушны бок рыжаваты, больш светлы на грудзях і горле. Ад чарацянкі-барсучка адрозніваецца 3 добра прыкметнымі жаўтавата-белымі палосамі на галаве, ад іншых чарацянак - жаўтаватым адценнем апярэння і светлымі з падоўжнымі стракацінамі грудзямі.
Пашырэнне. Сярэдняя частка Эўропы і захад Азіі. У Беларусі сучаснае пашырэнне дакладна не вызначана. Відаць, мае мазаічны характар, бо высокая выбіральнасць гнездавых біятопаў абмяжоўвае магчымасці пашырэння. Да пачатку 1930-х гг. дакладна траплялася толькі на Палессі, дзе ў 1917 г. была знойдзена на Піншчыне, а ў 1930 г. ў Брагінскім раёне [1]. У 1950-я гг. адзначана ў Белавежскай пушчы. Чучала адной з 6 здабытых там птушак захоўваецца ў мясцовым музеі [2]. У 1960 г. знойдзена ў Гомельскім раёне [3]. Самая паўночная знаходка віду - паблізу ад Скідаля [4].
Месцы пражывання. Вялікія балоты, парослыя густой асакой, травяністыя тарфянікі, падобныя да лугавых застаялых балот, з асобнымі кустамі або курцінамі хмызняку, радзей зарастаючыя кар'еры торфараспрацовак, зарослыя сажалкі. Зараснікаў чароту і рагозу пазбягае.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Агульная колькасць невядомая, але, верагодна, малая і працягвае зніжацца. Асноўныя запасы віду сканцэнтраваны, відаць, на захадзе і поўдні краіны. У мінулым (1930 г.) была звычайнай у Брагінскім раёне [1].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Вузкая экалагічная спецыялізацыя ў выбары месцаў гнездавання. Дэградацыя месцаў пражывання ў выніку гаспадарчай дзейнасці.
Асаблівасці біялогіі. Прылятае ў канцы красавіка - пачатку траўня. Гнездавы перыяд пачынаецца з сярэдзіны траўня. Умела замаскіраванае гняздо размяшчае сярод асакі або каля асновы куста, густа парослага травяністай расліннасцю; звычайна над багнай або над вадой. Кладка ў траўні - пачатку чэрвеня з 5-6 яек памерамі 17,6 x 13,1 мм, якія па афарбоўцы амаль не адрозніваюцца ад яек чарацянкі-барсучка. Асаблівасці біялогіі гнездавання амаль не вывучаны з-за рэдкай трапляльнасці птушкі і цяжкасці назірання. Адлёт пачынаецца ў канцы ліпеня, цягнецца ўвесь жнівень і да першых дзён верасня. Зімуе на Балканах, у Малой Азіі і Паўночна-Заходняй Афрыцы.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльна не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Выяўленне месцаў пражывання, стварэнне сезонных заказнікаў, кантроль за станам папуляцыі, прапаганда аховы віду.
Літ.: 1. Федюшин, Долбик, 1967; 2. Галадушка (асаб. павед.); 3. Чуяшкоў (асаб. павед.); 4. Сямашка, 1956.
Л.Шкляроў