Атрад Ласосепадобныя (Salmoniiformes), сямейства Ласасёвыя (Salmonidae)
Статус. I катэгорыя. Рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прэснаводная форма марской прахадной ласасёвай рыбы - кумжы, якая захавалася з ледавіковага перыяду. Прывабны аб'ект аматарскага рыбалоўства.
Кароткае апісанне. Цела стройнае, тарпедападобнае, шчыльна ўкрытае дробнай луской (уздоўж бакавой лініі 115-130 лускавінак). Афарбоўка стракатая: спіна і бакі бура-зялёныя, ніз цела белаваты, плаўнікі цёмныя, на верхняй палове цела і на спінным плаўніку мноства цёмных, чырвоных і аранжавых плямак. Спінны плаўнік размешчаны пасярэдзіне цела, мае 3-5 простых і 9-11 разгалінаваных промняў, за ім, бліжэй да хваста, - тлушчавы плаўнічок без касцявых промняў. Хваставы плаўнік моцны, раўналопасцевы. Рот вялікі, з мноствам зубоў.
Пашырэнне. Жыве ў рэчках і ручаях басейна Балтыйскага мора, у вярхоўях некаторых прытокаў Волгі і Дняпра [1]. У Беларусі трапляецца ў прытоках Немана і Віліі, у басейне Дняпра - у Гайне, Волме, Вячы, вярхоўі Свіслачы і ў іншых рэчках, якія сцякаюць з усходняга схілу Менскага ўзвышша [2].
Месцы пражывання. Аселая рыба. Насяляе вярховыя ўчасткі рэк і ручаёў з чыстай халоднай вадой. Трымаецца паблізу абрывістых берагоў, вадападаў, крыніц, у месцах, дзе берагі густа параслі дрэвамі і кустамі. У пошуках корму вандруе ўверх па цячэнню. Трымаецца паасобку, актыўная пераважна на змярканні і ноччу, удзень хаваецца пад навіслымі берагамі, карчамі, у зарасніках і іншых укрыццях.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Раней сустракалася ў некаторых рэках у даволі значнай колькасці [3]. Цяпер колькасць хутка памяншаецца, а ў многіх рэчках і ручаях від ужо поўнасцю выпаў са складу іхтыяфауны [3].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Абмяленне рэк і ручаёў з прычыны высечкі лясоў, выпроствання рэчышчаў пры меліярацыі; забруджванне рэк, да чаго фарэль надзвычай адчувальная; бескантрольнае вынішчэнне запасаў рыбаловамі-аматарамі і браканьерамі; вынішчэнне моладзі драпежнымі рыбамі - шчупаком, ментузом.
Асаблівасці біялогіі. Звычайныя памеры стронгі ручаёвай: даўжыня 25-35 см, маса 200-500 г, вельмі рэдка да 2 кг. Полавая спеласць настае ва ўзросце 3-4 гадоў. Нерастуе ў лістападзе-снежні на мелкаводных участках з хуткай плынню і буйназярністым пясчаным ці камяніста-галечным дном [1, 2]. Ікра буйная, адкладваецца ў грунт і ўкрываецца галькай і пяском. Плоднасць ад 200 да 5 тыс. ікрынак. Развіццё ікры доўжыцца да вясны. Лічынкі доўгі час застаюцца на месцы і толькі праз 4-5 тыдняў маляўкі выходзяць са сховішчаў. Корміцца стронга дробнымі ракападобнымі, а таксама трапіўшымі ў ваду насякомымі і іх лічынкамі. Буйная стронга можа карміцца і дробнай рыбай (гальяны, бычкі-падкаменшчыкі) і апалонікамі [6]. Пад канец першага года моладзь дасягае даўжыні 10-12 см і болей [1, 2].
Развядзенне. У шэрагу краін разводзяць і вырошчваюць у спецыяльных гаспадарках (у Беларусі - у Лагойскім раёне). Распрацавана біятэхналогія яе штучнага ўзнаўлення [4].
Прынятыя меры аховы. Правіламі рыбалоўства ў вадаёмах Беларусі з 1952 да 1959 г. лоўля стронгі была забаронена. З 1962 г. вызначаны мінімальна дапушчальны памер фарэлі для вылоўлівання - 20 см [5]. Занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г.
Неабходныя меры аховы. Поўная і паўсюдная забарона лоўлі стронгі; ахова і паляпшэнне ўмоў у месцах пражывання і размнажэння рыбы; узмацненне штрафных санкцый за яе незаконную здабычу; ахова стронгавых рэчак і ручаёў ад забруджвання і высечкі берагавых зараснікаў, ад разбурэння нерасцілішчаў; узмацненне мясцовай папуляцыі стронгі ў штучных умовах і выпуск моладзі ў прыродныя вадаёмы з мэтай захавання і назапашвання генафонду для прамысловай стронгагадоўлі.
Літ.: 1. Берг, 1948; 2. Жуков, 1965; 3. Жуков, 1983; 4. Рыбоводство СССР, 1974; 5. Положение, 1962; 6. Жизнь животных, 1983.
П.Жукаў, Т.Шаўцова