Атрад Карпападобныя (Cypriniformes), сямейства Карпавыя (Cyprinidae)
Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адносіцца да ліку каштоўных прамысловых відаў.
Кароткае апісанне. Цела прадаўгаватае, валькаватае, звужаецца да хваставога плаўніка, шчыльна ўкрытае луской. У бакавой лініі да 56-63 лускавінак. Галава вялікая, рот ніжні, нагадвае паўмесяц з 4 вусікамі. Рыла падоўжанае, конусападобнае. Спінны плаўнік кароткі, з 4 простымі і 8-9 разгалінаванымі промнямі, у анальным адпаведна 3 і 5-6 промняў. Афарбоўка цела зеленавата-жаўтаватая зверху і бялёсападобная знізу. Спінны і хваставы плаўнікі цёмныя, астатнія чырванаватыя.
Пашырэнне. Насяляе рэкі Эўропы за выключэннем Гішпаніі, Італіі, Англіі, Даніі і Скандынаўскіх краін [1]. У Беларусі ёсць у басейнах Нёмана, Заходняга Буга і Дняпра [2]. У Заходняй Дзвіне і далей на ўсход няма. У Нёмане да г. Горадня звычайны, у Дняпры часцей сустракаецца ў верхняй частцы да г. Ворша. Ёсць у Сожы, Бярэзіне, Друці і ў прытоках Прыпяці і Стыры [4].
Месцы пражывання. Аддае перавагу глыбокім участкам рэк з галечным і камяністым грунтам і хуткай плынню, але рэк і месцаў з халоднай крынічнай вадой пазбягае, у малыя рэкі і азёры ўвогуле не заходзіць. Вядзе аселы, пераважна адзіночны спосаб жыцця, вялікіх міграцый не робіць, хоць у межах раёна пражывання пастаянна вандруе з месца на месца ў пошуках корму. Часта трымаецца каля мастоў, прыстаней, буйных камянёў, як правіла, у прыдоннай зоне. Невялікія скопішчы ўтварае толькі ў перыяд нерасту і на зімавальных ямах, дзе ўсю зіму праводзіць у маларухомым стане і не корміцца.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У прамысловых уловах адзначаўся гаспадарчай статыстыкай да 5 (1947 г.), 10 (1955 г.), 12 (1963 г.) і нават 17,8 (1964 г.) цэнтнера. У далейшым сярэднегадавыя ўловы зменшыліся да 0,5-0,3 цэнтнера і толькі ў 1981-1982 гг. зноў павысіліся да 11-17 цэнтнераў. Пасля гэтага вусач у прамысловай статыстыцы не значыўся [4].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Абмяленне рэк і іх забруджванне; заглейванне і разбурэнне асноўных нерасцілішчаў, вынішчэнне ікры і моладзі малакаштоўнымі рыбамі; бескантрольная здабыча рыбапромыславымі брыгадамі, рыбаловамі-аматарамі і браканьерамі.
Асаблівасці біялогіі. Даволі буйная рыба, можа дасягаць даўжыні 85 см і масы 4 кг. Ва ўловах звычайна пераважаюць экземпляры даўжынёй 50-60 см і масай 2-3 кг. Самкі некалькі буйнейшыя за самцоў [3, 4]. Полавай спеласці яны дасягаюць на 4 годзе жыцця пры даўжыні 30-35 см, самцы - на 2-3 годзе пры значна меншых памерах. Нераст адбываецца ў траўні-чэрвені на глыбокіх месцах з пясчаным і камяністым грунтам. Адкладванне ікры парцыённае, звычайна ў тры прыёмы праз 10-15 дзён. Плоднасць каля 15-42 тыс. ікрынак [3, 4]. Корміцца вусач у асноўным доннымі арганізмамі: чарвямі, лічынкамі насякомых, малюскамі, ракападобнымі, спажывае таксама раслінны корм.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Правіламі рыбалоўства мінімальны прамысловы памер вызначаны ў 40 см. Іншыя меры па ахове вусача не праводзіліся [5], хаця гэты від і занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г.
Неабходныя меры аховы. Поўная і паўсюдная забарона здабычы; узмацненне кантролю і штрафных санкцый за вылоўліванне вусача; ахова і паляпшэнне нерасцілішчаў; прапаганда аховы віду.
Літ.: 1. Жизнь животных, 1983; 2. Берг, 1949; 3. Жуков, 1965; 4. Жуков, 1983; 5. Положение, 1962.
П.Жукаў, Т.Шаўцова