Чмель мохавы (Bombus muscorum Fabr., 1775)
Атрад Перапончатакрылыя (Hymenoptera), сямейства Пчаліныя (Apidae)

Статус. II катэгорыя. Колькасць скарачаецца. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Найважнейшы апыляльнік многіх кветкавых раслін.
Кароткае апісанне. Невялікі чмель з каротка-авальным ярка-залаціста-жоўтым целам і даволі доўгім хабатком, аранжавай спінкай. Ногі могуць быць апушаны светла-жоўтымі або цёмна-карычневымі і чорнымі валаскамі.
Пашырэнне. Эўразія (Усходняя Эўропа, Сібір, Далёкі Ўсход). На тэрыторыі Беларусі адзначаны ў цэнтральнай частцы.
Месцы пражывання. Пераважна поймавыя лугі.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У 1920-х гг. трапляўся ў пасевах чырвонай канюшыны ў значнай колькасці, хаця ў агульнай колькасці чмялёў складаў усяго 1,6% [2]. У 50-х гадах адзначалася значнае павелічэнне колькасці віду на насенніках канюшыны (12,9% чмялёў) [4]. У апошнія гады спецыяльныя даследаванні не праводзіліся, аднак, улічваючы значнае зніжэнне агульнай колькасці чмялёў у Беларусі [5], а таксама Эўразіі [6], можна меркаваць, што чмель мохавы ў цяперашні час у Беларусі нешматлікі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушэнне і сельскагаспадарчае асваенне поймавых земляў, павышаная вільготнасць у асобныя гады.
Асаблівасці біялогіі. Чмялі жывуць сем'ямі (50-100 асобін), у склад якіх уваходзяць вялікая самка - заснавальніца гнязда (матка), дробныя непалаваспелыя самкі (рабочыя) і самцы. Аплодненыя ўвосень самкі зімуюць асобна ў розных укрыццях. Абуджаюцца ў красавіку-траўні, кормяцца на квітучых раслінах, потым будуюць наземныя гнёзды (на вільготных лугах яны часта размяшчаюцца на купінах). У гняздо самка адкладвае некалькі яек, якія грэе сваім целам. Яйка развіваецца каля 4 сутак. Лічынак самка корміць пылком раслін і мёдам. На 22-23 суткі паяўляюцца дарослыя чмялі. З гэтага часу самка толькі адкладвае яйкі, а ўсе клопаты аб патомстве бяруць на сябе рабочыя чмялі. У другой палове лета выводзяцца вялікія самкі (будучыя заснавальніцы сем'яў) і больш дробныя самцы, якія апладняюць самак і хутка пасля гэтага гінуць. Да сярэдзіны восені гінуць таксама рабочыя чмялі і старая самка. Сям'я распадаецца. Маладыя самкі зімуюць. Ва ўмовах Беларусі вядомы 2 максімумы лёту чмялёў: у перыяд масавага цвіцення ранняспелай канюшыны першага ўкосу (канец чэрвеня - пачатак ліпеня) і ў канцы цвіцення канюшыны другога ўкосу (канец жніўня - пачатак верасня). На працягу сутак актыўнасць чмялёў дасягае максімуму двойчы - у 11 і 18 гадзін. Трафічныя сувязі чмялёў разнастайныя, аднак яны аддаюць перавагу раслінам сямействаў бабовых, астравых, губакветных, у меншай ступені - залознікавых, агурочнікавых і ружакветных [2-4, 7].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Вывучэнне біялогіі, экалогіі, колькасці і пашырэння віду на тэрыторыі Беларусі, зберажэнне месцаў гнездавання чмялёў. Скарачэнне хімічных апрацовак сельскагаспадарчых культур, якія актыўна наведваюць чмялі.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Дабратворскі, 1927; 3. Дабратворскі, 1928; 4. Иоаннисиани, 1958; 5. Шамяткоў (асаб. павед.); 6. Сысолетина, 1979; 7. Гребенников, 1984.

Н.Лаўрова

Паведаміць пра недакладнасьць