Атрад Цвердакрылыя (Coleoptera), сямейства Лістаеды (Chrysomelidae)
Статус. III катэгорыя.
Значэнне ў захаванні генафонду. У Беларусі трапляецца лакальна, усходняя мяжа пашырэння віду праходзіць праз тэрыторыю краіны.
Кароткае апісанне. Цела даўжынёй 3,5-4,5 мм, яйкападобнае, брудна-жоўтае. Галава, пярэдняспінка і надкрылы вохравыя або чырванавата-бурыя. Надкрылы іншы раз з чырванаватымі плямамі. Трапляюцца экземпляры часткова чорнаафарбаваныя (ніз цела, шво надкрылаў, шчыток, падоўжны штрых ад плечавога бугарка да верхавіны надкрылаў). Вельмі рэдка цела суцэльна чорнае. Вусікі і ногі жоўтыя, карычневыя або чарнаватыя. Кропкі на надкрылах размешчаны правільнымі радамі, каля верхавіны часта зблытаны [1].
Пашырэнне. Сярэдняя і Паўднёвая Эўропа, Алжыр і Марока [2, 3]. Для віду характэрна лакальнае пашырэнне - ачагі могуць мець плошчу некалькі дзесяткаў квадратных метраў. У Беларусі зарэгістраваны 2 ачагі - пад Менскам і на Палессі [4]. Вядомы знаходкі лістаеда ў заходняй частцы краіны [5].
Месцы пражывання. Адкрытыя сонечныя камяністыя або пясчаныя ўчасткі, берагі рэк, негустыя бярэзнікі на схілах і ўзгорках.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У ачагах бывае даволі высокая. Тэндэнцыя змянення не высветлена.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Лакальнае пашырэнне кармавой расліны.
Асаблівасці біялогіі. Зімуюць імага ў глебе або ў раслінных рэштках пад кармавымі раслінамі (жаўтазель фарбавальны і жарновец). Ва ўмовах Беларусі выходзяць на паверхню ў траўні-чэрвені і кормяцца верхавінкавым лісцем жаўтазеля. Адкладванне яек (за сезон 150-300 штук) пачынаецца ў канцы траўня - пачатку чэрвеня і заканчваецца ў пачатку жніўня. Лічынкі паяўляюцца ў пачатку чэрвеня, развіваюцца на кармавых раслінах імага, скелетуюць лісце, тройчы ліняюць. Праз 20-28 сутак акукліваюцца ў глебе або ў подсціле. Праз 6-10 сутак паяўляюцца жукі, якія прыкладна ў канцы жніўня адыходзяць на зімоўку. Паколькі перыяд выхаду з зімоўкі і адкладвання яек вельмі расцягнуты, у сярэдзіне лета ў прыродзе адначасова можна знайсці ўсе фазы развіцця жукоў [2, 4, 5].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Ахова вядомых і выяўленне новых месцаў пражывання віду.
Літ.: 1. Лопатин, 1986; 2. Бровдій, 1977; 3. Warchałowski, 1973; 4. Лаўрова, 1986; 5. Оглоблин, Медведев, 1971.
Н.Лаўрова