Понтапарэя (Pontoporeia affinis Lind., 1883)
Атрад Бакаплавы (Amphipoda), сямейства Хаўстарыды (Haustoriidae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Ледавікова-марскі рэлікт чацвярцічнага перыяду.
Кароткае апісанне. Цела даўжынёй 8-10 мм, складаецца з 18 сегментаў (4 галаўныя, 14 тулаўныя) і падзяляецца на 3 аддзелы: галаўны, грудны і брушны. Галава ўтворана злітымі разам сегментамі з першым грудным і мае ротавыя прыдаткі. На кожным грудным і брушным сегменце размешчаны па пары канечнасцей, якія служаць для ўтрымання корму, перамяшчэння па паверхні грунту і ў тоўшчы вады, а таксама для дыхання. На заднім краі апошняга брушнога сегмента знаходзіцца пласцінка - тэльсон. Глыбокая выемка на тэльсоне, якая раздзяляе яго на 2 лопасці з 1-3 шыпікамі на канцы - вызначальная прыкмета понтапарэі. На спінным баку ўсіх брушных сегментаў вельмі кароткія, тонкія валаскі.
Пашырэнне. Азёры паўночнай часткі Эўропы, Паўночнай Амерыкі, Канады. Па тэрыторыі Беларусі праходзіць паўднёвая мяжа арэала віду [1]. Понтапарэя знойдзена ў азёрах Браслаўскай групы (Паўднёвы Валасо, Снуды).
Месцы пражывання. Глыбокія алігатрофныя і мезатрофныя азёры з вялікай колькасцю кіслароду ў вадзе. Аддае перавагу глеістым і глеіста-пясчаным донным адкладам, размяшчаецца на глыбіні больш за 10 м пры нізкай тэмпературы.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У вадаёмах Беларусі максімальная колькасць да 2400 рачкоў на 1 м2 [2, 3]. Колькасць скарачаецца.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Зніжэнне канцэнтрацыі кіслароду ў прыдонных слаях азёраў у выніку эўтрафіравання і забруджвання вадаёмаў. Павышэнне тэмпературы вады пры цеплавым забруджванні.
Асаблівасці біялогіі. Жыве на дне вадаёмаў. Працягласць жыцця да 3 гадоў. Палаваспелая на 2-3 годзе. Размнажэнне прымеркавана да асенне-зімняга перыяду. Самкі выношваюць яйкі ў вывадковай сумцы на працягу 3,5 месяца да поўнага развіцця малявак. Сярэдняя пладавітасць 16 яек.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Возера Паўднёвы Валасо ўключана ў склад ландшафтнага заказніка «Міжазёрны». Понтапарэя занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г.
Неабходныя меры аховы. Забарона прымянення ядахімікатаў, гербіцыдаў і ўгнаенняў на землях, якія прылягаюць да вадаёмаў з рэліктавай фаунай. Арганізацыя азёрных заказнікаў.

Літ.: 1. Вежновец, Семенченко, 1977; 2. Семенченко, 1978; 3. Сущеня, Семенченко, Вежновец, 1986.

В.Вежнавец

Паведаміць пра недакладнасьць