Шаўчэнка Тарас (Шевченко Тарас; 1814-1861), нарадзіўся 09.03.1814 года ў в. Морынцы Кіеўскай губерні, у сям'і прыгоннага селяніна. У адзінаццаць год застаўся без бацькі і маці, служыў дваравым у памешчыка П.В.Энгельгарта, жыў пры ім у Вільні, пасля - у Пецярбургу. У 1838 годзе атрымаў магчымасць вучыцца ў Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, у гэтым самым годзе пры дапамозе расейскіх дзеячоў культуры быў выкуплены з прыгону. Вучоба ў Пецярбургу доўжылася па 1845 год. Наступныя два гады Шаўчэнка працаваў у Кіеўскай археаграфічнай камісіі. У 1847 годзе быў арыштаваны за сувязь з нелегальнымі антыцарскімі гурткамі і сасланы ў салдаты на Паўднёвы Ўрал, пасля - на Мангышлак.

Першыя вершы Т.Шаўчэнка напісаў каля 1836 года, а ў 1840 г. выйшаў яго першы паэтычны зборнік «Кабзар». Праз чатыры гады быў апублікаваны «Чыгірынскі Кабзар». Шаўчэнка некалькі разоў бываў у Беларусі, быў знаёмы з Янам Баршчэўскім, Рамуальдам Друцкім-Падбярэзскім, сустракаўся з В.Каліноўскім, братам Кастуся Каліноўскага. У другой палове 40-х - першай палове 50-х гадоў напісаў шэраг паэм («Сон», «Каўказ», «Наймічка», «Ерэтык»), цыклаў вершаў («Тры леты», «У каземаце»), аповесцяў і апавяданняў, некаторыя з якіх напісаныя па-расейску («Музыкант», «Двайняты», «Мастак» і інш.). Выявіў сябе таксама майстрам партрэту, гістарычных і жанравых кампазіцый, ілюстрацый, афортаў, гравюр. З 1857 года зноў жыў у Пецярбургу, пад наглядам паліцыі. За свае працы ў галіне гравюры ў 1870 годзе атрымаў званне акадэміка.

Памёр вялікі ўкраінскі паэт 26.02(10.03).1861 года ў Пецярбургу.

На беларускую мову творы Тараса Шаўчэнкі перакладалі Янка Купала, Якуб Колас, Кандрат Крапіва, Змітрок Бядуля, Пятрусь Броўка, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Аркадзь Куляшоў, Васіль Зуёнак і іншыя.

Крыніца: Хрэстаматыя па літаратуры народаў свету. Менск, 1995. Выбраныя творы Тараса Шаўчэнкі на Беларускай Палічцы

Паведаміць пра недакладнасьць